Няшчаснае каханне на фоне «плюшавай вайны»?


Кацярына Скурат, у якой Антон Сурапін завочна папрасіў рукі, яшчэ не апрытомнела ад ягонай заявы, кажуць яе сяброўкі.

Пасля свайго вызвалення са следчага ізалятару КДБ Антон Сурапін абвесціў пра намер ажаніцца і прызнаўся ў каханні Кацярыне Скурат, якая першая выслала яму здымкі «плюшавага дэсанту».

{movie}Антон Сурапін прызнаецца ў каханні да Кацярыны Скурат |left|6087{/movie}Антона хвалілі выкладчыкі на курсах для абітурыентаў

«Яна была проста ў шоку, у яе вочы нават павылазілі ад здзіўлення, яна зусім не чакала ад Антона прызнання», – распавяла адна з сябровак 16-гадовай жыхаркі Івянца.

Як паведамілі асобы з блізкага атачэння Кацярыны, яна ведала пра Антона яшчэ да спаткання з ім. Пра яго і ягоны сайт вельмі станоўча адгукаліся выкладчыкі БДУ на курсах для абітурыента. На іх Кацярына рыхтавалася да паступлення ў Інстытут журналістыкі БДУ, студэнтам якога Антон ужо быў. Пры нагодзе дзяўчына пазнаёмілася з хлопцам у сацыяльных сетках. Іх аб’яднала цікавасць да журналістыкі.

Першую прапанову Антон зрабіў на цукеркавым фэсце

Упершыню яны сустрэліся гэтым летам, калі Антон прыехаў у Івянец на цукеркавы фэст. Кацярына заўважыла яго і памахала рукой. Пасля паўтарагадзіннай размовы Антон падарыў ёй букецік палявых кветак і першы раз – тады жартам – прапанаваў выйсці за яго замуж.

Бацькі баяцца працягу «плюшавай справы»

«Каця гаварыла пра Антона толькі як пра добрага сябра, з якім цікава размаўляць, але нічога больш», – узгадвае сяброўка івянчанкі. І дадала, што бацькі дзяўчыны супраць таго, каб яна бачылася і сустракалася з Антонам: «Яны прайшлі шмат праз што, трошкі ім крыві папсавалі, таму тут нічога дзіўнага».

Аднакласніца Кацярыны таксама паведаміла, што бацькі лічаць Антона добрым чалавекам, але баяцца аднаўлення справы «плюшавага дэсанту», з-за чаго, паводле іх, можа пацярпець дачка.

«Каця, можа, і хацела б з ім сябраваць, кантактаваць, але ейныя бацькі пакуль не вельмі…» – кажа аднакласніца.

Паводле мясцовых крыніцаў, пасля допыту ў КДБ Кацярына выдаліла свой профіль з сацыяльных сетак і не карыстаецца мабільным тэлефонам – імаверна, баіцца, што зноў будуць званіць з органаў. Сама яна – сціплая дзяўчына, як заўважаюць сяброўкі, і не пойдзе першаю на кантакт з Антонам. Яму ж пакуль забаронена выязджаць са Слуцку. Час пакажа, ці будзе рамантычная гісторыя на «плюшавым» фоне мець свой працяг.

belsat.eu

Стужка навінаў