Амбасадар у Кыргызстане: Бакіеў свабодна лятае на радзіму


«Калі Жаныш Бакіеў спакойна перамяшчаецца па краінах, то, значыць, не ўсё нармальна ўнутры Кыргызскай Рэспублікі, якую, паводле інфармацыі ў СМІ, ён ужо неаднаразова наведваў», – заявіў беларускі пасол у Кыргызстане Віктар Дзенісенка.

А вось у тым, што Жаныбека (Жаныша) Бакіева, брата экс-прэзідэнта Кыргызстану, сфатаграфавалі ў Менску, дыпламат сумняваецца. На прэс-канферэнцыі 30 жніўня ў Бішкеку Дзенісенка заявіў, што «не зусім давярае фота, на якім паказаны брат экс-прэзідэнта Кыргызстану». Прычына – інфармацыя сыходзіць ад апазіцыйных сілаў Беларусі.

Пра тое, што выяву брата Бакіева, які шпацыруе ля кавярні «Грунвальд» у Менску, падрабілі ў «фоташопе», Дзенісенка казаў і раней.

Нягледзячы на тое, што здымкі ў пасла выклікаюць сумневы, ён паабяцаў «давесці заклапочанасць Кыргызскай Рэспублікі да кіраўніцтва Беларусі». Амбасадар запэўніў, што кампетэнтныя органы Беларусі займаюцца гэтаю справаю і неўзабаве пракаментуюць яе.

Інцыдэнт 28 жніўня, калі сваякі пацярпелых ад рэжыму Бакіева закідалі беларускую амбасаду ў Бішкеку камянямі, Дзенісенка назваў «натуральнаю з’яваю» ва ўмовах працы ў гарачых пунктах. За дзеяннямі мітынгоўцаў, заявіў ён, «стаяць пэўныя сілы». «Усё рыхтавалася загадзя, і камяні былі прынесеныя ў жаночых сумках», – сказаў пасол. Пра разрыў дыпламатычных адносінаў з прычыны інцыдэнту гаварыць нельга, падкрэсліў ён.

Гісторыя канфлікту

24 жніўня Кыргызстан адклікаў з Беларусі свайго пасла. Нагодаю для дыпламатычнага канфлікту паслужылі выкладзеныя ў інтэрнэце фатаграфіі брата экс-прэзідэнта Жаныбека Бакіева, якога шукае Інтэрпол паводле абвінавачання ў асабліва цяжкіх злачынствах. Здымкі зробленыя актывістам апазіцыі Міхаілам Пашкевічам.

МЗС Кыргызстану ўручыла вербальную ноту паслу Беларусі ў Бішкеку, у якой выказала здзіўленне і заклапочанасць у звязку з публікацыяй у медыях, якія пацвярджаюць знаходжанне Жаныбека Бакіева ў Беларусі. Кіргізскі бок выказаў спадзяванні, што афіцыйны Менск «усё ж прыме вычарпальныя захады для неадкладнага затрымання і экстрадыцыі Жаныбека Бакіева ў Кыргызскую Рэспубліку».

У красавіку 2010 г. у Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўраду, які складаецца з лідараў апазіцыйных партыяў. Пры гэтым загінулі каля 90 чалавек, каля тысячы атрымалі раненні. Экс-прэзідэнт Курманбек Бакіеў, ягоны брат Жаныбек, сын Марат, а таксама іншыя набліжаныя завочна былі абвінавачаныя ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і абвешчаныя ў міжнародны вышук. Акрамя таго, Жаныбек Бакіеў абвінавачваецца ў арганізацыі забойства кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Медэта Садыркулава.

Курманбек Бакіеў з неафіцыйнаю жонкаю і двума дзецьмі прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 г. на асабістае запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі. Новыя ўлады Кыргызстану неаднаразова звярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбаю выдаць Бакіева, але атрымлівалі адмову. На думку беларускага боку, прававых падставаў для задавальнення просьбы аб выдачы Бакіева няма.

belsat.eu

Стужка навінаў