МУС: беларускія сілавікі ў Нямеччыне вучыліся даследаваць выбухоўку


Беларускія праваахоўнікі зняпраўджваюць інфармацыю нямецкіх медыяў пра тое, што немцы праводзілі для іх практычныя заняткі па «акружэнні дэманстрантаў» і «ліквідацыі масавых беспарадкаў».

Замест шлемаў, шчытоў і дручкоў немцы далі камп’ютары і аргтэхніку, гаворыцца ў паведамленні Упраўлення інфармацыі ды грамадскіх сувязяў беларускага МУС ад 29 жніўня.

У тэксце сцвярджаецца, што «паліцыя Германіі аказвала спрыянне ў аснашчэнні некаторых міліцэйскіх падраздзяленняў камп’ютарамі і аргтэхнікаю. У прыватнасці, былі абсталяваныя класы ў Міжнародным навучальным цэнтры падрыхтоўкі, павышэння кваліфікацыі, перападрыхтоўкі кадраў у сферы міграцыі ды супрацьдзеяння гандлю людзьмі (Менск, Акадэмія МУС)».

Міністэрства ўнутраных справаў Беларусі сцвярджае, што ў 2009–2010 гг. супрацоўнічала з нямецкаю паліцыяй у рамках міжнароднага права. Беларускія сілавікі кажуць, што цікавіліся, як змагацца з нелегальным аўтабізнесам і нелегальнаю міграцыяй, ахоўваць грамадскі парадак падчас хакейных і футбольных матчаў, як выглядаюць пастарункі для часовага ўтрымання арыштаваных. Агулам у Беларусі і Нямеччыне адбылося 50 візітаў і семінараў.

«Апошняя падзея ў межах вышэйназванай супрацы адбылася 22–26 лістапада 2010 г., – паведамляецца ў прэс-рэлізе. – У Вісбадэне прайшлі стажыроўку два эксперты ДЭКЦ МУС (па правядзенні выбухованебяспечных экспертызаў па тэме «Хімічнае даследаванне выбуховых рэчываў з прымяненнем спектральных і храматаграфічных метадаў» у падраздзяленнях БКА [Федэральнай крымінальнай паліцыі – БелаПАН] Германіі)». Гэтыя веды, несумненна, прыдаліся ў справе расследавання выбуху ў менскім метро, які прагрымеў 11 красавіка 2011 г.

МУС Беларусі таксама падкрэслівае, што летась яны разам з нямецкімі калегамі выкрылі банду, якая здзейсніла 34 напады на банкі ў Нямеччыне, Літве, Польшчы і Беларусі і скрала агулам 800 тыс. еўраў.

belsat.eu

Стужка навінаў