Дзень народзінаў Лукашэнкі зноў памянялі


Афіцыйная дата на сайце прэзідэнта вярнулася да ранейшага варыянту – 30 жніўня. Але святкаваць сваё 58-годдзе Аляксандр Лукашэнка будзе заўтра, разам з Колем.

«30 жніўня – дзень нараджэння паводле дакументаў, адзначае ж прэзідэнт свой дзень нараджэння 31 жніўня, разам з сынам Мікалаем», – паведаміў БелаПАН кіраўнік прэс-службы прэзідэнта Павел Лёгкі.

Зрэшты, дадаў ён, і 30, і 31 жніўня для прэзідэнта «будуць звычайнымі працоўнымі днямі».

У 2010 г. у афіцыйнай біяграфіі Лукашэнкі, апублікаванай на сайце прэзідэнта, дату нараджэння змянілі з 30 на 31 жніўня 1954 г. Гэтую акалічнасць у прэзідэнцкай адміністрацыі патлумачылі наступным чынам: маці Аляксандра Лукашэнкі паступіла ў радзільню 30 жніўня вечарам, але нарадзіла яго ў ноч з 30 на 31 жніўня, пасля 24:00. Тады ў сельскіх радзільнях дакладны час нараджэння дзіцяці не адзначаўся, і нованароджанага запісалі на 30 жніўня, паводле даты паступлення ягонай маці ў радзільню.

«Прэзідэнт спакойна ставіцца да гэтай даты, і ён не надаваў ёй значэння да моманту нараджэння малодшага сына Мікалая, які з’явіўся на свет 31 жніўня. Ужо пасля нараджэння Мікалая прэзідэнт пачаў цікавіцца ў маці падрабязнасцямі свайго з’яўлення на свет і высветліў, што фактычна адзначаць дзень нараджэння трэба 31 жніўня», – патлумачыў БелаПАН працаўнік Адміністрацыі прэзідэнта.

Цяпер у афіцыйнай біяграфіі на сайце прэзідэнта ў якасці дня нараджэння ўказаная ранейшая дата, 30 жніўня. Паводле Паўла Лёгкага, гэта звязана з тым, што Аляксандр Лукашэнка не памяняў свайго пашпарту. Але рэальны дзень ягонага нараджэння – 31 жніўня.

belsat.eu

Стужка навінаў