Кіргізы ўпэўненыя, што Беларусь выдасць Бакіевых толькі пры іншых уладах


Хоць Беларусь і Кыргызстан падпісалі канвенцыю аб выдаванні падазраваных у цяжкіх злачынствах, Бішкек не мае вялікай надзеі, што Лукашэнка выканае міжнародную дамову – сказала ў інтэрв’ю «Белсату» кіраўніца кіргізскай службы радыё «Свабода» Венера Джуматаева.
Пратэсты ў Кыргызстане

Учора сваякі ахвяраў кіргізскага рэжыму закідалі камянямі беларускую амбасаду ў Бішкеку. Яны патрабавалі выдаць экс-прэзідэнта і ягонага брата з Беларусі на радзіму. Абодвух вінавацяць у здзяйсненні цяжкіх крымінальных злачынстваў.

Удзельнікі акцыі дамагаліся спынення працы пасольства і разрыву дыпламатычных дачыненняў з уладамі Беларусі, якія «хаваюць забойцаў». Ніхто з працаўнікоў пасольства не пацярпеў.

Настроі ў кіргізскім грамадстве

Венера Джуматаева патлумачыла, што грамадскасць Кыргызстану востра крытыкуе ўлады рэспублікі, якія не могуць дамагчыся экстрадыцыі братоў Бакіевых на радзіму. «Улады ў Кыргызстане змушаныя лічыцца з грамадскім меркаваннем, але большасць людзей не верыць, што кіраўніцтва краіны пойдзе да канца», – падкрэсліла спадарыня Венера. Яна дадала, што ў 2010 годзе падчас зрынання рэжыму Курманбека Бакіева часовы ўрад не рабіў аніякіх намаганняў, каб затрымаць тырана і ягонага брата.

Умова экстрадыцыі – змена ўлады

Хоць юрыдычна Беларусь абавязана выдаць Кыргызстану падазраваных у цяжкіх злачынствах, кіргізы мяркуюць, што прэзідэнт Беларусі не зробіць гэтага. «Прэзідэнт Лукашэнка вядомы сваім самавольным характарам. «Я сам сабе галава і ніхто не мае права мне ўказваць» – такое ягонае крэда», – сказала Джуматаева.

Кіргізская журналістка выказала думку, што сітуацыя з экстрадыцыяй Бакіевых застанецца без зменаў да той пары, пакуль у Беларусі не будзе новага прэзідэнта.

Гісторыя канфлікту

У красавіку 2010 г. у Кыргызстане адбыўся дзяржаўны пераварот, у выніку якога ўлада перайшла ў рукі часовага кааліцыйнага ўраду з лідараў апазіцыйных партыяў. Загінулі каля 90 чалавек, каля тысячы атрымалі раненні. Экс-прэзідэнта Курманбека Бакіева, ягонага брата Жаныбека, сына Марата, а таксама іншых набліжаных абвінавацілі ў масавым забойстве, звязаным з перавышэннем службовых паўнамоцтваў, і абвесцілі ў міжнародны вышук. Акрамя таго, Жаныбек Бакіеў абвінавачваецца ў арганізацыі забойства кіраўніка адміністрацыі прэзідэнта Медэта Садыркулава.

Курманбек Бакіеў з неафіцыйнаю жонкаю і двума дзецьмі прыбыў у Беларусь 19 красавіка 2010 г. на асабістае запрашэнне Аляксандра Лукашэнкі. Новыя ўлады Кыргызстану неаднаразова звярталіся ў Генпракуратуру Беларусі з просьбаю выдаць Бакіева, але атрымлівалі адмову. На думку беларускага боку, заканадаўчых падставаў для задавальнення просьбы аб выдаванні Бакіева няма.

belsat.eu

Стужка навінаў