Таматнае шаленства


Дзясяткі тысячаў людзей кідаліся адзін у аднаго памідорамі падчас правядзення штогадовага фестывалю «ТаматЫна» (La Tomatina) у іспанскім мястэчку БуннЁль (Buñol).

Аб 11:00 муніцыпальныя грузавікі даставілі ў мястэчка 120 тонаў спелых памідораў – на радасць удзельнікам фестывалю. Шмат хто загадзя падрыхтаваў маскі для дайвінгу і нецярпліва чакаў пачатку імпрэзы на галоўнай вуліцы паселішча.

Стрэл з вадзяных гарматаў падаў сігнал да пачатку бою. Літаральна праз пару хвілінаў плошча пакрылася чырвонаю сліззю, а паветра напоўнілася водарам таматаў.

Праз гадзіну ракета, запушчаная з балкону, адзначыла заканчэнне бою, а ўдзельнікі пачалі паліваць адзін аднаго вадою.

Фестываль праводзіцца штогод у апошнюю сераду жніўня. Гэта найбуйнейшы таматны бой на свеце, які збірае тысячы турыстаў.

Пачатак традыцыі паклалі ў 1945 годзе. Сцвярджаецца, што першая бітва памідорамі адбылася паміж сябрамі, падчас бойкі на фестывалі. З 1980 года памідоры для свята пастаўляюць гарадскія ўлады, а ў 2002 годзе цэнтральнае бюро турызму прысвоіла фестывалю ў Буннёлі статус міжнароднага.

belsat.eu

Стужка навінаў