Лукашэнка датацыі забараняе, але прадпрыемствы надалей атрымліваюць бюджэтныя грошы


Кіраўнік Беларусі не раз катэгарычна заяўляў, што падтрымліваць прадпрыемствы-банкруты ўрад больш не будзе. Але на практыцы словы разыходзяцца з рэчаіснасцю. Гэтак 5 лютага падчас нарады эканамічнага блоку ўраду Аляксандр Лукашэнка адзначыў, што не павінна быць аніякіх паблажак стратным прадпрыемствам. У той жа час урад агучвае пастанову аб дзяржаўным падтрыманні ААТ «Баранавіцкае вытворчае баваўнянае аб’яднанне».

Паводле пастановы Саўміну № 76 Баранавіцкае прадпрыемства атрымае з бюджэту датацыі ў выглядзе аплаты адсоткаў за карыстанне банкаўскімі крэдытамі. Згодна з дакументам, сёлета штомесяц за кошт сродкаў рэспубліканскага бюджэту, прадугледжаных на іншыя пытанні ў галіне прамысловасці, будаўніцтва і архітэктуры, будзе рабіцца выплата «Беларусбанку» частку адсоткаў па крэдытах, выдадзеных «Баранавіцкаму вытворчаму баваўнянаму абʼяднанню», у памеры 50 адсоткаў стаўкі па крэдытах.

Міністэрству фінансаў даручана забяспечыць выплату адсоткаў за карыстанне названымі банкаўскімі крэдытамі ў межах сродкаў, прадугледжаных на гэтыя мэты.

Кантроль за выкананнем дадзенай пастановы ўскладзены на Беларускі дзяржаўны канцэрн па вытворчасці і рэалізацыі тавараў лёгкай прамысловасці.

Дакумент прыняты ў адпаведнасці з Законам Рэспублікі Беларусь ад 30 снежня 2018 года «Аб рэспубліканскім бюджэце на 2019 год» і Указам кіраўніка Беларусі ад 25 красавіка 2012 году № 205 «Аб некаторых пытаннях адкрытага акцыянернага таварыства »Баранавіцкае вытворчае баваўнянае абʼяднанне«.

Памер адсоткаў і сумы, якія дзяржава выплаціць за прадпрыемства, у дакуменце не пазначаецца.

Hавiны
Замест дапамогі беларусам у будаўніцтве жытла, дзяржава фінансуе стратную вытворчасць
2019.01.26 16:04

СК, belsat.eu

Стужка навінаў