Развіталіся з Якавам Навуменкам


Цырымонія прайшла сёння, 29 жніўня, у будынку Белдзяржфілармоніі. Праводзіць у апошні шлях народнага артыста Беларусі прыйшлі сваякі, калегі ды проста аматары ягонай творчасці.

“Навуменка як дзіця, добры чалавек. Уявіць, што ён загіне ў вулічнай бойцы, я не мог. Ён ніколі не выяўляў аніякай агрэсіі, гэта было не ў ягоным характары. Гэта быў інтэлігентны артыст з беларускім характарам, душою, сэрцам. Ён – адзін з нешматлікіх, хто апошнім часам спяваў сваё”, – адзначыў паэт, былы кандыдат на прэзідэнцтва Беларусі Уладзімір Някляеў. {movie}Някляеў і Відава пра Якава Навуменка|right|6071{/movie}

Някляеў падкрэсліў, што Навуменка быў адным з нешматлікіх спевакоў, хто не забыўся на сяброўства пасля прэзідэнцкіх выбараў 2010 года: “Я ні на каго не хачу грашыць з тых спевакоў, музыкаў, з якімі я сябраваў, але нямногія пасля майго арышту падтрымлівалі са мной адносіны. Якаў Навуменка ў хуткім часе пасля таго, як мяне вызвалілі, патэлефанаваў мне і сказаў, што ганарыцца тым, што спявае мае песні. Я вельмі смуткую, што не стала Якава Навуменкі”.

Спявачка Ірына Відава таксама ведала Навуменку асабіста. Яна назвала выканаўцу светлым чалавекам, які ніколі не казаў дрэннага пра іншых.

Цела спевака прывезлі з Украіны ў Менск напярэдадні. Паводле ўдакладненай інфармацыі ўкраінскай міліцыі, спевака збілі невядомыя ў цэнтры гораду 19 жніўня, а 26-га ён памёр у мясцовым шпіталі, не прыходзячы ў прытомнасць.

belsat.eu

Стужка навінаў