Былога кіраўніка "Пінскдрэву" чакае экстрадыцыя ў Беларусь


Ларана Арыніча затрымалі сёння ў польскім Радаме. Раней беларускі бок ужо накіроўваў у Польшчу просьбу аб часовым арышце Арыніча да атрымання матэрыялаў на ягонае выдаванне.

Паводле Польскага агенцтва друку, затрыманне адбылося пасля звароту прадстаўнікоў беларускага аддзялення Інтэрполу да польскай паліцыі. Паліцыя высветліла, што Арыніч здымае дом у Радаме, за 100 кіламетраў на поўдзень ад Варшавы. Калі паліцыя пераканалася, што ў доме жыве менавіта Арыніч, яго арыштавалі. Былы кіраўнік “Пінскдрэву” вельмі здзівіўся з затрымання, але не супраціўляўся. Яго даставілі ў пастарунак, дзе ён будзе чакаць рашэння суда ў пытанні аб ягонай экстрадыцыі ў Беларусь.

Ларан Арыніч трапіў у міжнародным вышук як абвінавачаны ў крымінальнай справе, распачатай пасля пажару, які адбыўся 25 кастрычніка 2010 года ў цэху для вытворчасці драўнянастружкавых плітаў. У выніку пажару 14 работнікаў прадпрыемства загінулі, 22 – атрымалі траўмы рознай ступені цяжкасці.

20 ліпеня 2011 года тагачасны генпракурор Рыгор Васілевіч паведаміў журналістам, што Арыніч перабывае ў Польшчы. “Ён не ў вышуку, бо пакуль няма звестак, што ён ухіляецца ад яўкі”, – сказаў Васілевіч.

У кастрычніку таго ж года Арыніча абвесцілі ў вышук.

23 сакавіка 2012 г. агучылі выракі ў справе выбуху на прадпрыемстве. У якасці абвінавачаных перад судом сталі былыя галоўны інжынер холдынгавай кампаніі “Пінскдрэў” Уладзімір Шастакоў, дырэктар “Пінскдрэў-ДСП” Леанід Логвін і галоўны інжынер гэтага прадпрыемства Ігар Логвін. Шастакоў сваёй віны не прызнаў, Логвіны віну прызналі ды раскаяліся.

Суд прызнаў Леаніда Логвіна вінаватым у службовай халатнасці ды прысудзіў да 4 гадоў абмежавання волі без накіравання ў папраўчую ўстанову; Ігара Логвінава і Уладзіміра Шастакова – вінаватымі ў парушэнні пажарнай бяспекі, якая прывяла да гібелі людзей, ды нанясенні матэрыяльнай шкоды ў буйным памеры. Ігара Логвіна прысудзілі да пазбаўлення волі тэрмінам на тры гады з накіраваннем у папраўчую калонію ва ўмовах пасялення, Шастакова – да такога ж пакарання на 4 гады.

belsat.eu

Стужка навінаў