Украінская Феміда адмовіла Цімашэнцы


Найвышэйшы спецыялізаваны суд грамадзянскіх і крымінальных справаў прызнаў законным вырак у газавай справе экс-прэм’ер-міністру Украіны Юліі Цімашэнцы.

“Калегія суддзяў пастанавіла: вырак Пячэрскага раённага суда Кіева ад 11 кастрычніка 2011 г. і пастанову Апеляцыйнага суда Кіева ад 23 снежня 2011 г. адносна Цімашэнкі Юліі пакінуць без зменаў, а касацыйную скаргу пакінуць без задавальнення”, – заявіў суддзя Аляксандр Ялфімаў.

Адвакаты Цімашэнкі прасілі Найвышэйшы спецыялізаваны суд Украіны прызнаць незаконнымі рашэнні Пячэрскага і апеляцыйнага судоў, якія назвалі экс-прэм’ера вінаватай, адмяніць іх і закрыць справу праз адсутнасць складу злачынства.

Суд зачытваў сваё рашэнне ў прысутнасці экс-прэзідэнта Польшчы Александра Квасьнеўскага і былога прэзідэнта Еўрапарламенту Пэта Кокса, упаўнаважаных адсочваць судовыя працэсы над Юліяй Цімашэнкаю. {movie}Пасля суда над Цімашэнка|right|6070{/movie}

“Цімашэнка супраць Украіны”

Паплечнікі Цімашэнкі лічаць прысуд несправядлівым і палітычна матываваным. На іх думку, умовы ўтрымання экс-прэм’ера пад вартай ды ў лякарні парушаюць фундаментальныя правы чалавека. У сувязі з гэтым у ліпені 2011-га Цімашэнка падала скаргу ў Еўрапейскі суд правоў чалавека (ЕСПЧ). Міністэрства юстыцыі Украіны прыцягнула амерыканскую юрыдычную кампанію “Skadden” да разгляду справы “Цімашэнка супраць Украіны”. Інтарэсы экс-прэм’ера рэпрэзентуюць абаронцы Сяргей Уласенка, Валянціна Целічэнка і нават дачка Цімашэнкі Яўгенія. Учора, 28 жніўня, адбыліся публічныя слуханні.

Прадстаўнік Украіны ў ЕСПЧ Назар Кульчыцкі ў сваім выступе падкрэсліў законнасць утрымання экс-прэм’ера і зазначыў, што Цімашэнка атрымлівае паўнавартасную медычную дапамогу.

У сваю чаргу, абаронца экс-прэм’ер-міністра Украіны Валянціна Целічэнка зняпраўдзіла словы Кульчыцкага, заявіўшы пра незаконнасць утрымання Цімашэнкі за кратамі.

Абаронца Юліі Цімашэнкі Сяргей Уласенка ўпэўнены, што Еўрапейскі суд правоў чалавека па выніках разгляду справы “Цімашэнка супраць Украіны” прызнае палітычныя матывы пераследу экс-прэм’ера. “Я перакананы, што скаргу Юліі Цімашэнкі задаволяць у поўным аб’ёме, што Еўрапейскі суд прызнае, па-першае, палітычную падаплёку пераследу Цімашэнкі. Таксама суд разгледзіць усе іншыя патрабаванні, названыя ў заяве”, – сказаў Сяргей Уласенка.

belsat.eu

Стужка навінаў