АГП: Ярмошыну трэба адправіць на пенсію


Аб’яднаная грамадзянская партыя скіравала да Аляксандра Лукашэнкі адкрыты ліст з патрабаваннем адмяніць цэнзуру і адправіць старшыню ЦВК Лідзію Ярмошыну «на заслужаны адпачынак».

Падставаю для ліста паслужыла забарона на трансляцыю па тэлебачанні ролікаў кандыдатаў у дэпутаты ад АГП, якія заклікаюць да байкоту парламенцкіх выбараў.

АГП заклікае Лукашэнку ліквідаваць двайныя стандарты і нагадвае кіраўніку краіны ягоныя ж словы ў красавіку 1995 г.: «Я ні за каго не буду галасаваць, усё роўна падмануць, я не пайду галасаваць».

«Чаму ж нам у 2012 г. не дазваляюць паўтарыць гэтыя ж словы?» – пацікавіўся старшыня АГП Анатоль Лябедзька.

У лісце ўтрымліваецца просьба «ўздзейнічаць на спадарыню Ярмошыну і сказаць ёй, каб яна не захаплялася жангляваннем лічбамі».

«Дый наогул, было б лагічным адправіць яе на заслужаны адпачынак. Сваю лепту ва ўдасканаленне і развіццё выбарчага працэсу ў Беларусі яна ўнесла», – працытаваў Лябедзька ліст.

АГП таксама просіць кіраўніка дзяржавы растлумачыць, чаму фраза з агітацыйных ролікаў кандыдатаў «Лукашэнка і ягоная сістэма – гэта тупік» падпадае пад цэнзуру. «Гэта ж не абраза, а пытанне для абмеркавання, і ў нас ёсць факты, якімі мы можам яго абгрунтаваць», – падкрэсліў старшыня партыі.

belsat.eu

Стужка навінаў