У Расеі ўспышка сібірскай язвы


Адзін чалавек загінуў, і прынамсі дзесяць асобаў – у шпіталі.

У вёсцы Дружба ў Алтайскім краі Расеі зафіксавалі ўспышку сібірскай язвы. У вёсцы з насельніцтвам 740 чалавек абвесцілі каранцін.

Дарожная паліцыя кантралюе, каб ніводзін аўтамабіль не пакінуў сяло, а ўлады забаранілі прымаць з вёскі мяса, малако ды іншыя сельскагаспадарчыя прадукты.

Цяпер адбываецца дэзынфекцыя плошчаў выпасу буйной рагатай жывёлы. Адзенне пастухоў і ветэрынараў знішчаецца.

Ад сібірскай язвы некалькі дзён таму памёр 38-гадовы мясцовы бізнесовец пасля раздзелу тушы забітай каровы. {movie}Успышка сібірскай язвы ў Расеі|right|6045{/movie}

«Ён разбіраў карову, а на руках былі нязначныя парэзы, але хто б мог падумаць адразу пра хваробу? Мы рэжам гавяду рэгулярна, і ў тым не было ніякай небяспекі. Але праз тры дні ў яго з’явілася ліхаманка, і ягоная жонка сказала, што ён не можа больш заставацца дома і павінен ехаць у шпіталь», – расказаў адзін з жыхароў вёскі.

На мінулым тыдні ў Дружбе памерла каля 10 кароў. Трупы спалілі пасля выяўлення сібірскай язвы.

Ветэрынары падазраюць, што сібірская язва распаўсюдзілася ў вёсцы з адкрытых пахаванняў кароў, якія месцяцца непадалёк месца выпасу жывёлы.

Рэгіянальныя ўлады заявілі, што ўзялі сітуацыю пад кантроль. Ветэрынары працягваюць вакцынацыю буйной рагатай жывёлы. Плануецца вакцынацыя жыхароў.

belsat.eu

Стужка навінаў