«Мы нічога не зробім з эстонскімі службоўцамі». Літва расследуе «дэсант мядзведзікаў»


Сейм Літвы склікае пазачарговае пасяджэнне Камітэту нацыянальнай бяспекі ды абароны, каб расследаваць перасячэнне дзяржаўнай мяжы шведскімі лётчыкамі.

Вінаватыя… эстонцы

На мінулым тыдні ў інтэрв’ю радыёстанцыі «Žinių Radijas» кіраўнік Камітэту нацыянальнай бяспекі Арвідас Анушаўскас выказаў меркаванне, што шведскі самалёт пераляцеў мяжу 4 ліпеня “з-за адной невялікай памылкі”, дапушчанай дзяжурнаю зменаю.

“Адна невялікая памылка шмат вызначае. Думаю, у гэтым выпадку высветліцца, што была дапушчаная памылка: радары бачаць самалёты, іх хуткасць вызначаецца тэхнічна. Паколькі не было апазнавання, не было радыёсувязі са шведскім самалётам, аўтаматычна пазначылі: з Пацюнаю вылецеў “неапазнаны”, потым у паветраную прастору Літвы зніклы самалёт вярнуўся, трэба было пазначыць яго як “неапазнаны”, а пазначылі як “апазнаны”, – сказаў Анушаўскас. “Што я магу сказаць? Дзяжурыла эстонская змена. У Кармелаве ёсць і літоўцы, і эстонцы, і латышы. Дзяжурыла эстонская змена. Мы нічога не зробім з эстонскімі службоўцамі”, – дадаў кіраўнік камітэту Сейму.

У той жа час, лічыць Анушаўскас, літоўскія ведамствы няправільна адрэагавалі на інцыдэнт і абавязаныя прызнаць сваю памылку.

КДБ не атрымае дапамогі ад Літвы?

Эмануэліс Зінгерыс. Фота belsat.euЭмануэліс Зінгерыс. Фота belsat.euРасследаваннем незаконнага перасячэння мяжы Літвы і Беларусі займаецца беларускі КДБ. Раней беларускія спецслужбы праз Генеральную пракуратуры Беларусі скіравалі зварот да літоўскага боку з просьбаю дапамагчы ў расследаванні.

Аднак у эксклюзіўным інтэрв’ю “Белсату” старшыня Камітэту замежных справаў літоўскага Сейму Эмануэліс Зінгерыс заявіў, што Літва можа і не падаць Беларусі вынікаў расследавання ў справе “плюшавага дэсанту”.

Палітык зазначыў, што, на ягоную думку, маштаб парушэнняў правоў чалавека ўладамі Беларусі нельга параўнаць з акцыяй, падчас якой шведскія праваабаронцы скінулі на тэрыторыю Беларусі плюшавыя цацкі.

Гаворачы аб расследаванні, Эмануэліс Зінгерыс прыгадаў, што аднойчы Літва ўжо моцна апяклася, падаўшы афіцыйнаму Менску звесткі пра банкаўскія рахункі Алеся Бяляцкага. Тады інфармацыю выкарысталі дзеля барацьбы рэжыму з палітычным апанентам, таму гэтым разам нашая паўночная суседка добра падумае, перш як падзяліцца вынікамі расследавання ў справе шведаў.

belsat.eu

Стужка навінаў