На радзіме Лукашэнкі кандыдат на дэпутацтва можа прапіярыцца за мільён


Столькі каштуе надрукаваць палітычную рэкламу на палову газетнай сторонкі ў шклоўскай раёнцы. У Беларусі ёсць і таннейшыя варыянты — за 750 тысяч, але ў газеце з назваю “Шлях кастрычніка”.

“Белсат” прадстаўляе выбарчыя расцэнкі на свабоду слова.

Беларускія газеты з імпэтам публікуюць расцэнкі для кандыдатаў, якія жадаюць атрымаць дадатковую рэкламу ў СМІ. Тыя кандыдаты, каму мала аднаразовага, гарантаванага законам, бясплатнага выступу ў эфіры або на стaронках мясцовай газеты, ужо могуць пачынаць збіраць грошы. За самую танную рэкламу прыдзецца выкласці 750 тысяч, а за самую дарагую — каля 3 мільёнаў.

Цэнтральныя медыі пакуль не публікуюць звесткі пра свае расцэнкі. Затое раённыя і абласныя выданні ўжо спадзяюцца на дадатковы заробак Тарыфы падаюць за квадратны сантыметр, таму для зручнасці падаем кошты адразу за 500 кв. см., то бок за палову друкаванай старонкі. Гэтай плошчы ў газеце як раз павінна быць дастаткова для паўнавартаснага выражэння думак і праграмных тэзаў кандыдата.

Ад “Іскры”да “Шляху Кастрычніка”

Даражэй за ўсіх свае паслугі ацэньвае выданне, якое заснаванае Гомельскім гарвыканкамам, “Гомельскія ведамасці”. Яны просяць 6 тысяч за кв. см. Гатовыя надрукаваць тэкст памерам 500 см.кв., што адпавядае палове старонкі. Такі сэрвіс абыдзецца кандыдату ў 3 мільёны.

А іншая гомельская газета “Савецкі раён” прапануе сантыметр свёй плошчы ўжо за 2 тысячы рублёў — гэта 1 мільён за паўстаронкі. Працаўнікі газеты хваляцца, што гэта ўсяго на 10% даражэй за камерцыйную рэкламу: на адпаведнай паласе яе кошт не ніжэй за 1,8 тысяч за сантыметр.

З раёнак даражэйшая “Прыдняпроўская Ніва”. Газета Магілёўскага раёна бярэ 4 290 за кв.см. Гэта адпавядае 2 мільёнам 145 тысячам за публікацыю.

Шклоўская раёнка з назваю “Ударны фронт” ацэньвае свае плошчы ў два разы танней — па тарыфе 2 тысячы за кв. см. То бок на радзіме Лукашэнкі за размяшчэнне нармальнай па памеры публікацыі кандыдату прыдзецца выкласці каля 1 мільёну рублёў з асабістага фонду. Аналагічныя кошты ў газеты Чавусскага раёна “Іскра”. Прыкладна столькі ж бяруць “Калінкавіцкія навіны” — 2,2 тысячы за см, або 1,1 мільёна.

Самыя нізкія тарыфы ў газеты Хоцімскага раёна “Шлях Кастрычніка”. Рэдакцыя просіць 1,5 тысячы за см.кв. Гэта адпавядае 750 тысячам за публікацыю. Што праўда, яны не хочуць друкаваць такія вялікія артыкулы – дазваляецца памер не большы за 250 кв.см. То бок пяір ў гэтай раёнцы атрымаецца амаль дармавы — за 375 тысяч. Таксама у Хоцімскім раёне прадаецца радыёэфір па 5 тыс. за 30 сек., выступ павінен быць не большы за 5 хвілін.

belsat.eu

Стужка навінаў