Імпічмент Януковічу


Аб’яднаная ўкраінская апазіцыя пачынае рыхтавацца да працэдуры імпічменту прэзідэнту Віктару Януковічу, які антыканстытуцыйна, на думку апазіцыянераў, падпісаў Закон аб мовах.
Пра гэта прадстаўнікі апазіцыі заявілі на прэс-канферэнцыі ў Кіеве, перадае партал Тиждень.ua.
«Год таму апазіцыя ўнесла законапраект пра імпічмент прэзідэнту. Мы ўсё робім для таго, каб прыбраць Януковіча ад улады. І вось сёння мы падалі позву ў суд з патрабаваннем імпічменту прэзідэнта. Украіне патрэбная незалежнасць ад рэжыму Януковіча», – пра гэта сёння заявіў старшыня Рады Аб’яднанай апазіцыі «Батьківщина» Арсеній Яцэнюк.
{movie}Арсеній Яцэнюк пра імпічмент Януковіча|right|5936{/movie}
У ходзе акцыі «Украіна без Януковіча» было сабрана 309 712 подпісаў. Першаю падпісалася былая кіраўніца ўраду Юлія Цімашэнка. Усе подпісы далучаць да позвы з патрабаваннем імпічменту, якая падаецца ад імя Яцэнюка.
Моўны закон – асноўная зброя апазіцыі
Арсеній Яцэнюк адзначыў, што ў выпадку перамогі на парламенцкіх выбарах апазіцыя адменіць прыняцце моўнага закону, падпісанага Януковічам 8 жніўня без выканання рэгламенту.
«Ніякага Закону аб мовах няма. Акт, падпісаны Януковічам, загадзя злачынны», – адзначыў адзін з лідараў аб’яднанай апазіцыі, старшыня партыі «Громадянська позиція» Анатоль Грыцэнка.
Таксама апазіцыянеры заяўляюць, што не маюць намеру арганізоўваць масавыя акцыі пратэсту супраць моўнага закону.
Працэдура імпічменту не прапісаная ва ўкраінскім заканадаўстве, таму ёсць амаль немагчымаю. У святле хуткіх парламенцкіх выбараў 28 кастрычніка гэткі крок больш падобны на перадвыбарчы PR.
belsat.eu
Стужка навінаў