Уладзімір Макей прызначаны міністрам замежных справаў (абноўлена)


Ён змяніў на пасадзе Сяргея Мартынава, які вызвалены ад гэтых абавязкаў “у сувязі з пераходам на іншую працу”.

Адпаведны ўказ падпісаў Аляксандр Лукашэнка.

Раней Уладзімір Макей узначальваў Адміністрацыю прэзідэнта. Хто зойме ягонае месца, пакуль невядома.

Уладзімір Макей нарадзіўся 5 жніўня 1958 года. Скончыў Менскі дзяржаўны педагагічны інстытут замежных моў (1980), служыў у войску (1980—1992), палкоўнік запасу. Вучыўся ў Дыпламатычнай акадэміі МЗС Аўстрыі (1992—1993).

У 1993—2000 гадах знаходзіўся на дыпламатычнай службе. Працаваў трэцім сакратаром упраўлення інфармацыі і гуманітарнага супрацоўніцтва, другім сакратаром аддзела аналізу і прагназавання, другім сакратаром сакратарыята Міністэрства замежных спраў (1993—1995), намеснікам начальніка Службы дзяржаўнага пратакола МЗС (1995—1996), прадстаўніком Беларусі пры Савеце Еўропы, дарадцам пасольства Беларусі ў Францыі (1996—1999), начальнікам упраўлення агульнаеўрапейскага супрацоўніцтва МЗС (1999—2000).

У 2000—2008 гадах працаваў памочнікам прэзідэнта Беларусі. З 15 ліпеня 2008 года займаў пасаду кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Рэспублікі Беларусь.

У студзені 2011 года Макей быў уключаны ў чорны спіс ЕЗ за парушэнні правоў чалавека падчас апошніх выбараў прэзідэнта. Унесеным у спіс асобам забаронена наведваць тэрыторыю ЕЗ, а іх рахункі і маёмасць у краінах Еўрасаюза падлягаюць замарожванню.

belsat.eu

Стужка навінаў