Сурапін: Яшчэ зранку я не мог падумаць, што ўвечары буду дома


Журналіст распавядае, што перад вызваленнем яму снілася свабода.

Антон Сурапін, якога КДБ нечакана выпусціў са следчага ізалятару, цяпер у бацькоўскім доме. Бацькі не хаваюць слёзаў радасці ды здзіўлення, што сын не схуднеў.

Сам Антон не ведае, што дакладна паспрыяла ягонаму вызваленню. Ён мяркуе, што важную ролю тут адыграла салідарнасць беларусаў, якія збіралі за яго подпісы, фатаграфаваліся з мядзведзікамі і надалі справе розгалас.

Малады журналіст даў падпіску аб нявыездзе, яму нельга пакідаць Слуцку. Каб з’ездзіць на возера або на лецішча, яму трэба атрымаць дазвол КДБ.

Маладзён не збіраецца ўцякаць ад следства і суда, хоць спадзяецца, што працэсу не будзе. „Я не думаю, што я прайду праз суд. Хоць у нашай краіне ад турмы і торбы нельга заракацца, але я не лічу сябе вінаватым і не мяркую, што зрабіў нешта дрэннае”, – сказаў Антон.

Ён падкрэсліў, што ў камеры не згубіў сілы духа, а нават стараўся часцей усміхацца і складаць вершыкі. Апошнія падзеі не паўплывалі на ягоныя прафесійныя планы, і Антон збіраецца, як і раней, займацца незалежнаю фотажурналістыкаю.{movie}Антон Сурапін пасля вызвалення|right|5918{/movie}

Толькі сёння ўначы, зайшоўшы ў інтэрнэт, журналіст даведаўся, што яго прызналі вязнем сумлення. Ён не ведаў таксама пра кампанію, якую разгарнулі грамадскія сілы дзеля ягонага падтрымання. „Я нічога пра гэта не ведаў, але нібы адчуваў”.

belsat.eu

Стужка навінаў