Суд над «Pussy Riot» – індыкатар будучыні палітычнага жыцця Расеі


Вынік суда вырашыць, ці збіраецца прэзідэнт Пуцін працягваць барацьбу з іншадумствам. Такое меркаванне выказала аналітык Маскоўскага цэнтру Карнэгі Марыя Ліпман.

Нядаўна Пуцін заявіў, што ўдзельніц гурта «Pussy Riot» не варта судзіць занадта строга, і выказаў надзею, што яны маглі б пазбегнуць працяглага турэмнага зняволення.

«Я спадзяюся, суд прыме правільнае і абгрунтаванае рашэнне. Нічога добрага ў іх учынку няма, тым не менш, я не лічу, што трэба іх занадта строга судзіць. Спадзяюся, пэўныя высновы яны зробяць самі. Але канчатковае рашэнне прыме суд», – заявіў прэзідэнт Расеі.

Гэта выклікала ў прыхільнікаў вызвалення дзяўчат спадзяванне, што тыя пазбегнуць турэмнага зняволення.

Лібералізацыі не будзе

Аднак аналітык Маскоўскага цэнтру Карнэгі Марыя Ліпман не бачыць падставаў для гэткага аптымізму.

«Рашэнне, вядома, ня прымаецца ў зале суда. Як і ў кожнай вядомай палітычнай справе ў Расеі, рашэнне прымаецца ў іншым месцы. Рашэння яшчэ няма, прынамсі, мы нічога пра гэта не ведаем. У кожным выпадку, на цяперашні момант няма падставаў казаць пра змякчэнне прысуду», – мяркуе аналітык.

Лідары расейскай апазіцыі лічаць судовы працэс палітычнаматываваным, што не дае спадзеваў на лібералізацыю, якую абяцаў Уладзімір Пуцін.

«Альбо вы паказваеце слабасць і сваю няўпэўненасць, а потым сутыкаецеся з рызыкаю паслаблення сваёй улады, альбо вы будзеце працягваць змагацца з іншадумствам. Ніякім чынам нельга спыняцца на шляху рэпрэсіяў. Толькі такім спосабам можаце кансалідаваць уладу і дасягнуць свае мэты», – патлумачыла дзеянні прэзідэнта Расеі Ліпман.

Адзін з лідараў расейскай апазіцыі, блогер Аляксей Навальны, у дачыненні якога таксама вядзецца крымінальная справа, таксама не верыць, што ўлады маглі б зрабіць крок назад.

«Я ведаю, што гэта вельмі папулярны пункт гледзішча палітычных аглядальнікаў, што яны (расейскія ўлады. – belsat.eu) не дурні, яны не ворагі самі сабе, каб пасадзіць у турму яшчэ пару чалавек і атрымаць дадатковых палітзняволеных. Але калі паглядзець на тое, што адбываецца, можна дакладна сказаць, што цяпер яны могуць пасадзіць у турму любога», – сказаў Навальны.

Пяць месяцаў – дастаткова

Апытанні грамадскай думкі паказваюць: шмат хто з расейцы лічаць, што ўдзельніцы «Pussy Riot», якія ўжо правялі ў турме пяць месяцаў, не мусяць больш заставацца за кратамі.

Крытыкі Крамля кажуць, што Пуцін, які кіруе Расеяй як прэзідэнт альбо прэм’ер-міністр з 2000 года, жадае выкарыстаць судовы працэс, каб выставіць пратэст у негатыўным святле.

Пасля інаўгурацыі былы афіцэр КДБ падпісаў Закон аб павышэнні штрафаў за ўдзел у пратэставых акцыях, узмацненні кантролю за інтэрнэтам, які часта выкарыстоўваўся для арганізацыі пратэстаў, і ўвядзенні больш жорсткіх правілаў для фінансаванні з-за мяжы недзяржаўных арганізацыяў.

21 лютага ў царкве Хрыста Збаўцы 24-гадовая Марыя Алёхіна, 22-гадовая Надзея Талаконнікава, і 30-гадовая Екацярына Самусевіч зладзілі «панк-малебен» пад назваю «Багародзіца Пуціна прагані». Гэтая акцыя пакрыўдзіла шмат каго з праваслаўных вернікаў.

Дзяўчат абвінавачваюць у хуліганстве з матываў рэлігійнай варожасці. Максімальны тэрмін пазбаўлення волі паводле гэтага артыкулу – сем гадоў.
Актывісткі не прызнаюць сваёй віну і заяўляюць, што пратэставалі супраць цесных сувязяў паміж царквою ды дзяржаваю.

Заходнія ўрады разам з міжнародным праваабарончым рухам крытыкуюць пераслед «Pussy Riot». Дзесяткі заходніх музыкаў, такіх, як Мадонна, «Red Hot Chilli Peppers», «Faith No More», Стынг, Б’ёрк ды іншыя выканаўцы, заклікалі неадкладна вызваліць дзяўчат.

belsat.eu

Стужка навінаў