Кандыдатам у прэзідэнты дазволілі стварыць асобны грашовы фонд


Магчымасць стварыць індывідуальны выбарчы фонд з’явілася дзякуючы папраўкам, якія ўнеслі ў выбарчае заканадаўства напрыканцы 2009 г., паведамляе БелаПАН.

Старшыня Цэнтральнай выбарчай камісіі Лідзія Ярмошына адразу папярэдзіла, што паступленне грошай з замежных крыніцаў, бюджэтных ці рэлігійных арганізацыяў і ананімных ахвярадаўцаў лічыцца незаконным.

Памер фонду не мае перавышаць 3 тыс. баз. вел. (на сённяшні дзень – 105 млн руб.). Сродкі можна выкарыстоўваць на аплату эфірнага часу і газетнай плошчы, арэнду будынкаў і памяшканняў, абсталявання, на транспартныя выдаткі, паслугі сувязі, на агітацыйныя друкаваныя матэрыялы ды іншыя патрэбы, непасрэдна звязаныя з правядзеннем перадвыбарнай агітацыі.

Пры гэтым усю рэкламную прадукцыю кандыдаты мусяць выпускаць на тэрыторыі Беларусі, бо гэта адзіная магчымасць пракантраляваць, колькі сродкаў пайшло на яе выраб.

Ярмошына адзначыла, што дзяржава вылучыць кожнаму кандыдату 2,3 тыс. баз. вел. (80,5 млн руб.) на выраб агітацыйных матэрыялаў, бясплатна дасць эфірны час на тэлебачанні і радыё, а таксама газетную плошчу для публікацыі перадвыбарнай праграмы.

belsat.eu
16.09.2010

Стужка навінаў