У Казані выкрылі ісламісцкую секту, чальцы якой 10 гадоў жылі пад зямлёю


На ўскраіне гораду 70 чалавек жылі ў падземным бункеры без цяпла і сонечнага святла.

Сектанты трымалі пад зямлёй у антысанітарных умовах 20 дзяцей, малодшаму з якіх ледзь споўнілася 18 месяцаў. Шмат хто з дзяцей нарадзіўся ўжо там і ніколі не бачыў дзённага святла. Першага жніўня пракуратура скіравала іх на праверку стану здароўя. Аказалася, што адна з 17-гадовых дзяўчынак – цяжарная.

Людзі жылі ў вільготных каморах, выкапаных у склепе пад жылым домам лідара групы. «Гэта нагадвала 8-узроўневы мурашнік. Самае страшнае, што там жылі не толькі дарослыя, але і дзеці», – паведаміла памочніца пракурора гораду Казані Ірына Пятрова.

Секта файзарахманістаў была названая ў гонар 83-гадовага заснавальніка, Файзрахмана Сатарава, які абвесціў сябе прарокам, а свой дом – незалежнаю ісламскаю дзяржаваю. Раней ён выконваў функцыі памочніка суніцкага імама.

Сваім паслядоўнікам ён прапанаваў чытаць ягоныя рукапісы, а большасці забараніў пакідаць васьміўзроўневы падземны бункер.

Пракуратура ў Казані распачала крымінальную справу ў дачыненні кіраўніка секты. Пракуратура абвесціла, што рэлігійную групоўку прымусова распусцяць, а бацькі дзяцей адкажуць перад законам паводле артыкулу за невыкананне абавязкаў у выхаванні няпоўнагадовых і за жорсткае абыходжанне.

Суд таксама вырашыць, ці дзеці застануцца з бацькамі, ці іх перададуць пад апеку дзяржавы. Упаўнаважаны пры прэзідэнту РФ у пытаннях правоў дзіцяці Павел Астахаў мяркуе, што бацькі-сектанты мусяць прайсці адмысловае лячэнне, а толькі пасля гэтага іх могуць аднавіць у бацькоўскіх правах.

belsat.eu

Стужка навінаў