Ці адклікае Еўразвяз амбасадараў з Менску?


На канфлікт паміж Беларуссю і Швецыяй ужо адрэагаваў Дзярждэпартамент ЗША. Ён прыпомніў беларускім уладам высыланне амерыканскага амбасадара ў 2008 г.

«ЗША глыбока занепакоеныя з нядаўніх падзеяў у Беларусі, у тым ліку з рашэння беларускага ўраду выдварыць шведскага пасла і прымусіць Швецыю адклікаць усіх дыпламатаў з Менску», – гаворыцца ў заяве прадстаўніка Дзярждэпартаменту Патрыка Вэнтрэла. «Гэтыя дзеянні, як і выгнанне ў 2008 г. амерыканскага амбасадара, толькі ўзмацняюць самаізаляцыю Беларусі», – цытуе Вэнтрэла РІА «Новости».

{movie}Аляксандр Класкоўскі: Якой рэакцыі чакаць ад Еўразвязу?|left|5743{/movie}Якой рэакцыі чакаць ад Еўразвязу?

Прычынаю папярэдняга дыпламатычнага канфлікту паміж Беларуссю і аб’яднанаю Еўропаю былі санкцыі Еўразвязу, цяпер жа эскалацыя адбываецца на лініі Менск–Стакгольм. Таму Брусель, хутчэй за ўсё, абмяжуецца востраю рыторыкаю. Да пашырэння эканамічных санкцыяў гэтым разам не дойдзе, мяркуе палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Ён зазначае, што ў абвастрэнні адносінаў паміж нашаю краінай і ЕЗ насамрэч зацікаўленыя не ўдзельнікі супрацьстаяння, а нашая ўсходняя суседка.

Навошта Лукашэнка раздзімае скандал вакол Швецыі?

«Цяпер Еўропа не можа даць столькі пернікаў, колькі Расея, – разважае эксперт. – Нават Лукашэнка не чакаў, што Пуцін такі шчодры акажацца, што яму гэтая ідэя Еўразійскага Звязу настолькі дарагая, што зноў, пасля перыяду гэтых войнаў, яны гатовыя шчодра праплочваць такую ўмоўную лаяльнасць беларускага хаўрусніка».

У рэзкіх дзеяннях афіцыйнага Менску прысутнічае значны эмацыйны складнік: «помста за «плюшавы дэсант», за ганьбу расхваленага супрацьпаветранага шчыта». Напружання, паводле Аляксандра Класкоўскага, дадае закулісны прэсінг, каб супрацьпаветраную абарону Беларусі ўзначаліў расейскі вайсковец.

Гісторыя канфлікту

На мінулым тыдні Менск экстранна пакінуў пасол Швецыі Стэфан Эрыксан, якому ўлады Беларусі не працягнулі акрэдытацыі. Дыпламата абвінавацілі ў дэструктыўнай дзейнасці.

8 жніўня Міністэрства замежных справаў Беларусі выступіла з заяваю, у якой абвесціла, што працаўнікі беларускага пасольства ў Швецыі ў поўным складзе адкліканыя з гэтай краіны. У сваю чаргу шведскаму боку прапанавалі прыняць аналагічныя захады і адклікаць усіх сваіх дыпламатаў з Менску да 30 жніўня.

belsat.eu

Стужка навінаў