Мадонна падтрымала дзяўчат з «Pussy Riot»


Выступаючы 7 жніўня на стадыёне «Алімпійскі» ў Маскве, вядомая поп-спявачка Мадонна выказалася за вызваленне ўдзельніц расейскага панк-гурта.

Амерыканская зорка падчас канцэрту зняла блузку і павярнулася да гледачоў плячыма, на якіх чорным атрамантам была выведзеная назва гурта – «Pussy Riot». Гэтак спявачка выказала сваю салідарнасць са зняволенымі дзяўчатамі – Марыяй Алёхінай, Надзеяй Талаконнікавай і Кацярынай Самуцэвіч, якія правялі панк-малебен у царкве Хрыста Збаўцы.

Спявачка выказала пажаданне, каб “не толькі тут, у Расеі, але на ўсім свеце кожны меў права выказвацца свабодна”. Большая частка публікі сустрэла словы Мадонны воклічамі згоды і апладысментамі, але некаторыя пакінулі канцэрт.

21 лютага ўдзельніцы гурта «Pussy Riot» зладзілі ў цэнтральнай сталічнай святыні – царкве Хрыста Збаўцы – панк-малебен пад назваю «Багародзіца, Пуціна прагані».

Абвінавачанне настойвае на тым, што музыкі мелі за мэту абразіць праваслаўных вернікаў. Дзяўчаты сцвярджаюць, што акцыя мела выключна палітычны падтэкст, а выбар месца правядзення прызналі сваёй «этычнаю памылкаю». За гэты яны папрасілі прабачэння ў вернікаў.

Судовы працэс у справе панк-малебну працягваецца, удзельніц гурта могуць асудзіць ужо на гэтым тыдні.

Раней вызваліць дзяўчат заклікалі зоркі сусветнай велічыні: Стынг, гурты «Red Hot Chili Peppers» і «Faith No More».

За «Pussy Riot» заступіліся таксама дзеячы расейскай культуры, напісаўшы ў адкрытым лісце: «Расея – свецкая дзяржава, і ніякія антыклерыкальныя дзеянні, калі яны не падпадаюць пад артыкулы Крымінальнага кодэксу, не могуць быць прычынаю крымінальнага пераследу».

belsat.eu

Стужка навінаў