Лукашэнка ці Саакашвілі: ці маюць дачынне прэзідэнты да гучнага забойства ў Менску?


Эксперты выказваюць свае версіі адносна смерці былога дэпутата парламенту Грузіі, бізнесоўца Бонда Шалікіяні.

Версія Барадача: замешаныя ўлады Беларусі

Палкоўнік спецназу ў адстаўцы Уладзімір Барадач выключае версію міжнародных разборак крымінальных аўтарытэтаў. Паводле яго, у Беларусі такіх не засталося ўжо ў канцы 1990-х – пачатку 2000-х, пра што Аляксандр Лукашэнка і адрапартаваў тады народу.

{movie}Уладзімір Барадач: версія пра забойства Шалікіяні|left|5725{/movie}Паводле Барадача, ліквідацыяй крымінальных аўтарытэтаў займалася расстрэльная каманда, якая пазней палявала на зніклых апазіцыянераў: экс-міністра абароны Юрыя Захаранку, першага віцэ-спікера Вярхоўнага Савету ХІІІ склікання Віктара Ганчара, ягонага сябра і прадпрымальніка Анатоля Красоўскага ды былога асабістага відэааператара Лукашэнкі Дзмітрыя Завадскага.

Уладзімір Барадач кажа, што крымінальны бізнес пакрысе перайшоў пад крыло сям’і Лукашэнкі. Адпаведна, калі пасля забароны ў Расеі ў Менск пачалі пераносіць казіно і гульнявыя апараты (менавіта да гэтага меў дачыненне забіты), прыбытак дзялілі не з крымінальнымі аўтарытэтамі Беларусі, а з уладамі. І, хутчэй за ўсё, не падзялілі, кажа палкоўнік Уладзімір Барадач.

{movie}Віктар Федаровіч: версіі пра забойства Бонда Шалікіяні|left|5724{/movie}Версіі Федаровіча: бізнес-разборкі, помста за сваяка і палітычныя прычыны

Эксперт у журналісцкіх расследаваннях Віктар Федаровіч таксама кажа пра тое, што ў Беларусі крымінальных аўтарытэтаў даўно не засталося. Паводле яго, да такой катэгорыі злачынцаў не належаў і Шалікіяні.

Аднак забіты быў блізкім сваяком злодзея ў законе па мянушцы Таро – Тарыела Аніяні. Апошні належыць да так званай кутаіскай крымінальнай групоўкі, якая ваюе з грузінскаю. Абедзве супольнасці Федаровіч называе самымі магутнымі на постсавецкай прасторы.

Эксперт агучыў тры версіі забойства: бізнес-разборкі, крымінальныя прычыны (з увагі на сваяцтва) і нават палітычныя. Паводле Федаровіча, калі новыя ўлады выцеснілі Шалікіяні з Грузіі, ён пераехаў у Маскву і пагражаў абнародаваць нейкі кампрамат, датычны прэзідэнта Міхэіла Саакашвілі.

Версія следства: замоўнае забойства

Пра забойства Бонда Шалікіяні ў Менску паведамілі ўчора грузінскія медыі. У гэты ж дзень Следчы камітэт Беларусі агучыў інфармацыю пра тое, што 7 жніўня распачалі крымінальную справу па факце забойства 45-гадовага грамадзяніна Расеі.

{movie}Сусед Бонда Шалікіяні пра забойства|left|5723{/movie}Прыблізна а 1:10 у двары жылога дому № 31 па вул. Кузьмы Чорнага, дзе апошнія месяцы жыў Шалікіяні, прагучала некалькі выстралаў. Бізнесовец у той момант сядзеў у сваім аўце. У яго трапіла некалькі куляў, у тым ліку ў галаву. Паводле сведак, ён памёр на месцы.

Адна з асноўных версіяў следства – замоўнае забойства, звязанае з крымінальнымі разборкамі.

Партал «Новости-Грузия» сцвярджае: Шалікіяні лічыўся найбольш уплывовай асобаю ў рэгіёне Імэрэці (Заходняя Грузія, найбуйнейшы горад рэгіёну – Кутаісі). Ён кантраляваў бізнес нафтапрадуктаў і валодаў тэлекампаніяй «Кутаісі».

Паводле звестак парталу, у 2004 г. тады яшчэ дэпутата парламенту затрымалі падчас спецаперацыі, яго абвінавацілі ў нявыплаце падаткаў і прысваенні чужой маёмасці, а дома знайшлі агнястрэльную зброю. Шалікіяні адпусцілі пасля таго, як ён кампенсаваў дзяржаве нанесеную шкоду ($ 190 тыс.), а таксама перадаў уладам свой санаторый «Саірмэ» і долю акцыяў на трох заводах.

belsat.eu

Стужка навінаў