Уладзімір Падгол: У старажытнасці былі гладыятары, а ў нас – Лукашэнка


«Тэлеселектарная нарада – гэта як для наркамана вельмі вялікая доза, якая дазваляе яму жыць, укідвае адрэналін», – каментуе «Белсату» апошнюю селектарную нараду Аляксандра Лукашэнкі кандыдат філасофскіх навук і палітолаг Уладзімір Падгол.

Беларускае жніво: хлеба і відовішчаў!

«У чым сутнасць тэлеселектарнай нарады для ягонай псіхікі? У гэты момант ён чарговы раз літаральна кожнай клетачкай адчувае, што яму падпарадкоўваюцца ўсе! – гаворыць Уладзімір Падгол. – Ён адчувае, што ўсё, што ён кажа, слухае абсалютна ўсё чынавенства, усе цвярозыя і нават п’яныя камбайнеры і трактарысты, бо чакаюць: можа, заробак павысіць». {movie}Уладзімір Падгол: Чаму Лукашэнка так любіць селектарныя нарады?|right|5719{/movie}

Падчас апошняй нарады, прысвечанай уборцы ўраджаю, што адбылася 7 жніўня, кіраўнік дзяржавы зрабіў шэраг рэзкіх выпадаў супраць чыноўнікаў, пры гэтым узяў на сябе ролю бацькі міністраў і кіраўнікоў вертыкалі ў рэгіёнах.

«Я да вас стаўлюся, як да сваіх дзяцей, нягледзячы на тое, што шмат хто – мае аднагодкі і старэйшыя за мяне. І мне сёння адправіць у адстаўку міністра або губернатара – гэта хвароба, пакуль не забудзецца, напэўна, год, і тое я потым праз нейкі час пытаюся: а як там гэты, а як там той? Але інакш я паступіць не магу, і не трэба на мяне крыўдаваць», – заявіў Аляксандр Лукашэнка. Пры гэтым кіраўнік краіны паабяцаў, што «запытае на ўсю катушку» чыноўнікаў па выніках жніва.

«Народу было б цікава паглядзець і на «знятыя галовы». І Лукашэнка адчувае, што ад яго гэтага чакаюць, што ён ці ўзнагародзіць, ці скіне кагосьці. Ён на экране – народ чакае, бо гэта шоу. Як у старажытнасці былі гладыятары, а тут – Лукашэнка», – падсумоўвае Уладзімір Падгол.

Палітычны спектакль за расейскія грошы{movie}Уладзімір Падгол: Палітычны спектакль “беларускае жыццё”|right|5720{/movie}

Падобныя метады «ручнога кіравання» краінаю Лукашэнка выкарыстоўвае ледзь не з моманту займання самай высокай пасады ў Беларусі. Колькі яшчэ палітычная канцэпцыя «бацькі ўсёй краіны» будзе спрацоўваць для значнай колькасці насельніцтва?

«Формула «хлеба і відовішчаў» не ведае канца – мы яе ведалі тысячагоддзі таму і яна жыве дагэтуль у розных краінах», – зазначае Уладзімір Падгол. Ён падкрэслівае, што пэўнасць улады Аляксандра Лукашэнкі залежыць ад датацыяў. «Ёсць фінансаванне на палітычны спектакль, які носіць назву «беларускае жыццё», – ёсць рэйтынг», – падкрэсліў эксперт.

belsat.eu

Стужка навінаў