Міністр б’е трывогу: з Беларусі ўцякаюць спецыялісты


На прэс-канферэнцыі ў Менску міністр архітэктуры і будаўніцтва Беларусі Анатоль Нічкасаў афіцыйна прызнаў адток кадраў з будаўнічай сферы.

Чыноўнік паведаміў, што нашыя будаўнікі знаходзяць сабе працу перш за ўсё ў сумежных з Беларуссю вобласцях Расейскай Федэрацыі – Бранскай, Наўгародскай, а таксама Калінінградскай, Маскоўскай і Ленінградскай, прычым “ужо нават канкуруючы адзін з адным”.

Нічкасаў адзначыў, што попыт на будаўнічыя паслугі там увесь час павялічваецца, бо будуюцца разнастайныя сацыяльныя аб’екты, прадпрыемствы перапрацоўвання сельскагаспадарчай прадукцыі, буйныя прамысловыя аб’екты.

“У Расеі рэалізуецца актыўная інвестыцыйная палітыка развіцця вытворчасці ды жыллёвага будаўніцтва. Мы адразу на сабе гэта адчулі, бо пачалі губляць кадры. За паўтара года 43 тыс. сышлі шукаць сваё шчасце на баку”, – адзначыў міністр.

Нічкасаў не губляе надзеі на вяртанне кваліфікаваных працаўнікоў і заўважыў, што першае паўгоддзе 2012 года паказала станоўчую тэндэнцыю: людзі вяртаюцца. Міністр вылучыў дзве прычыны такога стану: расчараванне ўмовамі ды рост заробкаў у Беларусі.

“Людзі бачаць, што там не намазана мёдам, а ў Беларусі расце заработная плата. Мы набліжаемся ў гэтым паказніку да ўзроўню 2010 года. Сярэдняя зарплата будаўнікоў цяпер – 4,4 млн. рублёў», – заўважыў галоўны архітэктар краіны.

belsat.eu

Стужка навінаў