Працаўнікі КДБ запрасілі шведскіх арганізатараў акцыі ў Менск для давання паказанняў.
Паводле падазрэння ў дапамозе незаконнаму перасячэнню мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам, з якога раскідалі плюшавыя мядзведзікі, затрымалі грамадзянаў Сурапіна і Башарымава. Ім выставілі абвінавачанні ў спрыянні здзяйсненню злачынства (ч. 6 арт. 16) і ў справе незаконнага перасячэння дзяржаўнай мяжы (ч. 3 арт. 371).
Шведскім падданым прапаноўваецца прыехаць у Менск для ўдзелу ў следстве ў якасці падазраваных, у тым ліку для правядзення вочных ставак. Пасля гэтага плануецца прыняць адпаведныя працэсуальныя рашэнні ў дачыненні беларускіх грамадзянаў, якія праходзяць у крымінальнай справе.
Аднаматорны самалёт, якім кіравалі працаўнікі шведскай рэкламнай кампаніі «Studio Total», з плюшавымі мядзведзікамі на борце перасек паветраную мяжу Беларусі раніцаю 4 ліпеня. Ён правёў у паветранай прасторы краіны каля паўтары гадзіны, скінуўшы над Івянцом і ускраінаю Менску больш за 800 цацак з цыдулкамі падтрымання дэмакратыі ў Беларусі.
belsat.eu