Не прайшло і 1,5 гады: менскае метро задумалася пра бяспеку


Да 2017 года на кожнай станцыі сталічнага метрапалітэну плануецца ўсталяваць лакалізатары выбуху, а ў кожным вагоне – па чатыры відэакамеры, заявіў на прэс-канферэнцыі начальнік КУП “Менскі метрапалітэн” Расціслаў Юрэня.

Лакалізатары выбуху ўсталююць на выпадак, калі на станцыі пакінуць невядомы прадмет. “Гэты прадмет можна змясціць у лакалізатар, і ён будзе там да яго эвакуацыі са станцыі падрыўнікамі”, – паведаміў Юрэня. У сваю чаргу, паводле яго, камеры ў рэжыме он-лайн будуць перадаваць інфармацыю з кожнага вагона.

У метро ўжо ўсталявалі каля 900 відэакамераў, у тым ліку сёлета больш за 300. “Мы бачым практычна ўсё, за выключэннем вагонаў”, – падкрэсліў начальнік метрапалітэну.{movie}Юрэня пра бяспеку ў менскім метро|left|5706{/movie}

Плануецца арганізаваць зоны надгляду пасажыраў з габарытным багажом на кожнай станцыі, сказаў чыноўнік, падкрэсліўшы, што цяпер такая зона працуе на станцыі “Кастрычніцкая”. Мяркуецца таксама павялічыць штат службы аховы метрапалітэну, якая будзе “працаваць у цесным узаемадзеянні з міліцыяй, патруляваць вестыбюлі, пераходы, платформы”.

Чаму забараняецца фатаграфаваць?

Юрэня патлумачыў, чаму ў менскай падземцы забараняецца фатаграфаваць і здымаць на камеру: “Зразумейце, метрапалітэн – гэта рэжымны аб’ект, у выпадку пэўных падзеяў мы можам схаваць пад зямлёю пэўную колькасць народу”. Паводле чыноўніка, да ўвядзення забароны падштурхнулі таксама апошнія падзеі, калі маскоўскія дыгеры спрабавалі зрабіць фотамантаж з выкарыстаннем здымкаў, якія спампавалі з інтэрнэту.

У 2014 годзе, калі ў Менск на чэмпіянат свету па хакеі прыедуць тысячы замежных заўзятараў і турыстаў, забароны на фота- і відэаздымкі ў метро адмяняць не плануецца. Рыхтаванне да спартовай падзеі адбываецца праз навучанне працаўнікоў метрапалітэну асновам гутарковай ангельскай мовы і праз замену шыльдаў.

belsat.eu

Стужка навінаў