Магічныя $ 500: у Гомлі наймальнікі залазяць у пазыкі, каб споўніць мару Лукашэнкі


У Гомлі дырэктары дзяржаўных прадпрыемстваў любымі сродкамі імкнуцца выканаць пастаўленую Аляксандрам Лукашэнкам задачу. Дылему, як плаціць сярэдні заробак памерам $ 500, калі грошай няма, развязваюць проста – залазяць у пазыкі. Такім метадам карыстаецца кожнае 13-е прадпрыемства паўмільённага гораду.

Не ачунялі пасля крызісу

Кожная 13-я арганізацыя Гомля – стратная. За пяць першых месяцаў яны агулам «зарабілі» больш як $ 6 млн чыстых стратаў. На шмат якіх з гэтых прадпрыемстваў аплата працы ледзьве дасягае дакрызіснага ўзроўню – 1,5 млн руб. Сярод прадпрыемстваў-гаротнікаў – Завод вымяральных прыбораў і «Святлатэхніка», дзе працуюць інваліды па зроку.

Нядаўна кіраўнікі гэтых прадпрыемстваў былі вымушаныя апраўдвацца перад прадстаўнікамі гарвыканкаму, і гэта выклікала гарачую дыскусію паміж чыноўнікамі і дырэктарамі.

«Антыкрызісныя праграмы на праблемных прадпрыемствах ажыццяўляюцца са спазненнем, а запазычанасці некаторыя дырэктары імкнуцца патлумачыць патрабаваннем як мясцовага, так і рэспубліканскага кіраўніцтва падымаць працаўнікам заробкі да 500 долараў», – паведамляе афіцыйны сайт гарвыканкаму.

«Магічная лічба»

Да парламенцкіх выбараў, што адбудуцца 23 верасня, усе эканамічныя сілы краіны кінутыя на выкананне пастаўленай Лукашэнкам задачы – дасягнення сярэдняга заробку памерам $ 500. Гэтую лічбу кіраўнік краіны называе «магічнаю». На пачатку 2012 г. ён заяўляў: «Што такое сярэдні заробак памерам 500 долараў на чалавека? Гэта зусім нізкі ўзровень, які мы павінны пераадолець. І гэта задача ўсіх». Пасля Лукашэнка загаварыў пра тое, што кіраўнікі прадпрыемстваў мусяць «націскаць, каб павысіць прадукцыйнасць працы, а таксама павысіць заробак».

У паўмільённым Гомлі да дасягнення гэтай мэты яшчэ далёка – у сярэднім людзі атрымліваюць 3,8 млн руб. (каля $ 450). На каго, акрамя крэдытораў, ціснуць, каб закрыць 50 долараў дэфіцыту, кіраўнікам прадпрыемстваў даводзіцца вырашаць самім.

belsat.eu

Стужка навінаў