Аляксандра Герасіменя: Алімпіяду нельга ні з чым параўнаць!


Двухразовую срэбраную прызёрку Алімпіяды ў Лондане Аляксандру Герасіменю сустракалі ў аэрапорце з аркестрам, кветкамі і лімузінам.

Аляксандра Герасіменя мае тытул чэмпіёнкі свету, аднак прызнаецца, што алімпійскія ўзнагароды нельга параўнаць з медалямі планетарных першынстваў. «Алімпіяду наогул ні з чым параўнаць нельга. Гэта абсалютна іншыя эмоцыі, іншыя нервы, перажыванні. Розныя спаборніцтвы па ўзроўні», – падкрэсліла яна. Спартоўка здабыла «срэбра» на дыстанцыі 50 і 100 метраў вольным стылем.{movie}Як сустракалі Герасіменю|right|5698{/movie}

«Я і там, і там імкнулася заняць першае месца, бо каму ж не хочацца мець алімпійскае «золата». Але я радая свайму «срэбру», двайному «срэбру». У нашым відзе спорту вынік не можа быць неаб’ектыўны: ты дакрануўся да борта ды імгненна бачыш вынік. Так што тут няма пра што разважаць», – зазначыла Аляксандра, якая вярнулася ў Менск 6 жніўня.

Яна прызналася, што ў беларускай алімпійскай дэлегацыі панавала напружанне: «Я бачыла гэта па ўсіх. Нават у самой вёсцы становішча была больш напружанае, чымся гэта было чатыры гады таму ў Пекіне. Усе нейкія былі заціснутыя. Адчувалася, што вельмі сур’ёзна ўсе настроеныя».

Ад разважання на тэму, ці было гэта звязана з высокім медальным планам (25 медалёў), пастаўленым перад зборнаю спартовым кіраўніцтвам краіны, Герасіменя ўхілілася.

belsat.eu

Стужка навінаў