Сацыяльны здзек: 41 латарэя ва ўласнасці прэзідэнцкага апарату


У Беларусі каля паўсотні латарэяў заснавала Рэспубліканскае ўнітарнае прадпрыемства «Беларускія латарэі». Установа ўжо 13 гадоў «ходзіць» пад Кіраўніцтвам справамі прэзідэнта Беларусі.

Апетыты растуць

За 13 гадоў існавання «Беларускіх латарэяў» апетыты прадпрыемства істотна выраслі. На сайце Кіраўніцтва справамі прэзідэнта паведамляюць, што іх дзецішча заснавала толькі 26 латарэяў. Нядаўна апублікаваны дзяржаўны рэестр бланкаў строгай адказнасці кажа, што «Беларускім латарэям» належыць 41 тыражная, імгненная і грашова-рэчавая латарэя.

Сёння гэтая ўстанова – «найбуйнейшы арганізатар рэспубліканскіх і мясцовых латарэяў». Пра гэта БЛ ганарліва пішуць на ўласным сайце. «Грашовыя сродкі накіроўваюцца на найбольш важныя сацыяльныя праграмы ў рэспубліканскі і мясцовыя бюджэты», – кажа заснавальнік латарэйнага манапаліста, Кіраўніцтва справамі прэзідэнта. Аднак у рэспубліканскім бюджэце на 2012 год пра гэта няма ніводнага слова.

Ад коткі да сланоў



У арсенал прэзідэнцкай манаполіі ўваходзяць латарэі на любы густ. Са стрыманымі назвамі: «Турысцкая», «Вясенняя», «Юбілейная». З назвамі ідэйна-патрыятычнымі: «Перамога», «Дажынкі», «Гамяльчанка». З прафесійнымі найменнямі: «150 гадоў пажарнай службе», «Святочная. 100 гадоў прафсаюзам», «За бяспеку». Таксама ёсць латарэі па інтарэсах: «Алімпійская», «Міг поспеху: слон і коткі», «Казіно» і г. д.

Цынічны бізнес з разлікам на правінцыялаў

Эканаміст Леанід Заіка да латарэяў ставіцца скептычна. Ён толькі аднойчы атрымаў штосьці каля 20 долараў у савецкія часы. Тады латарэі распаўсюджвалі камсамольскія працаўнікі – пагрозамі або «маруджаннем». На выйгранку прафесар набыў срэбную лыжачку для дачкі.

«Латарэі – гэта звычайны бізнес. Ён ёсць і ў ЗША, і ў Кітаі. За кошт гэтага бізнесу жыве шэраг чыноўнікаў. Вядома, ідуць мікраскапічныя паступленні ў бюджэт, на якія не варта звяртаць увагі», – кажа ён.

На думку эксперта, у Беларусі латарэі перасталі быць відам забавы. Іх стваральнікі прыбягаюць да сацыяльнай няпраўды, калі абяцаюць кватэру за $ 70 тыс. людзям, чые заробкі не большыя за $ 300. Шмат для якіх беларусаў латарэі робяцца адзіным шанцам атрымаць прыстойнае жытло.

«Таму латарэі купляюць адзінокія жанчыны з дзецьмі. Мігранты, дзяўчаты і хлопчыкі, якія прыехалі з вёскі ды не могуць купіць кватэры, як гэта робіць дачка старшыні мясцовага выканкаму. Гэта форма сацыяльнага здзеку», – мяркуе Леанід Заіка.

Людзі не мусяць атрымліваць кватэры, гэта маюць быць грошы. У савецкія часы можна было матацыкл атрымаць, былі латарэі культуры з кнігамі ў якасці прызоў. На думку эксперта, цяпер у латарэі прыйшлі людзі нікчэмныя, якія «і лазняю кіраваць не ў стане».

Калі па тэлевізары паказваюць пераапранутых рымскіх патрыцыяў і дзяўчат у залатых строях, то гэта скіраванае перадусім на правінцыялаў. На думку Леаніда Заікі, толькі з аднаго гэтага бачна, што такі бізнес разлічаны на сельскага жыхара, які нідзе не быў і нічога не бачыў.

belsat.eu

Стужка навінаў