Прэм’ер-міністр Сірыі ўцёк з краіны і перайшоў на бок апазіцыі


Ён займаў сваю пасаду ўсяго каля двух месяцаў.

Рыяд Хіджаб разам з сям’ёю цяпер у Іярданіі. Ягоны прадстаўнік у эфіры тэлеканалу «Al Jazeera» паведаміў, што былы прэм’ер з блізкімі прыехаў у бяспечнае месца і мае намер «далучыцца да рэвалюцыі».

Афіцыйны Дамаск, апярэдзіўшы заяву Хіджаба на тэлебачанні, паведаміў, што прэм’ер-міністра адправілі ў адстаўку, а абавязкі на гэтай пасадзе будзе выконваць ягоны намеснік Умар Галяўанджы.

Самы высокапастаўлены ўцякач

Хіджаб быў чальцом кіроўнай партыі «Ба’ас» і раней кіраваў Міністэрствам сельскай гаспадаркі. Башар аль-Асад прызначыў яго прэм’ер-міністрам пасля чэрвеньскіх парламенцкіх выбараў, якія адбыліся пасля амаль гадавых пратэстаў супраць кіроўнага рэжыму. У нядзелю тэлебачанне «al Arabiya» паведаміла пра ўцёкі ў Іярданію аднаго з кіраўнікоў сірыйскай выведкі.

Раней Асаду адмовіліся служыць чатыры ягоныя дыпламаты: амбасадар у Аб’яднаных Арабскіх Эміратах Абдэль Лятыф аль-Дабаг, ягоная жонка Лям’я Харыры, якая кіравала дыпламатычнаю місіяй на Кіпры, паслы ў Іраку і Беларусі Наўаф аль-Фарэс і Фарух Таха. У ліпені ў Францыю ўцёк генерал Манаф Тляс, сын былога міністра абароны. За час паўстання з Сірыі ў Турцыю беглі каля 30 вышэйшых афіцэраў.

Выбух у тэлецэнтры

А ў цэнтры сірыйскай сталіцы сёння раніцаю прагрымеў выбух у будынку тэлецэнтру. Тры чалавекі атрымалі раненні.

У Сірыі працягваюцца баі ўрадавых сілаў і апазіцыі. Цягам некалькіх апошніх тыдняў паўстанцы ўтрымлівалі кантроль над некаторымі раёнамі сірыйскай сталіцы, але цяпер іх выцеснілі праўрадавыя сілы. Цяжкія баі працягваюцца ў найбуйнейшым сірыйскім горадзе і эканамічнай сталіцы краіны Халебе.

belsat.eu

Стужка навінаў