Што з закрыццём ізалятару на Акрэсціна?


Суд Маскоўскага раёну сталіцы адмовіўся разгледзець скаргу праваабаронцы Алега Волчака аб закрыцці Цэнтру ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму на вул. Акрэсціна.

10 ліпеня Алег Волчак падаў скаргу, у якой прасіў, між іншага, зачыніць Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў, пакуль умовы ўтрымання ў ім не будуць адпавядаць міжнародным стандартам.

У скарзе праваабаронца ўзгадваў свой адміністратыўны арышт на чацвёра содняў, да якога яго прысудзілі сёлета 30 студзеня. На ўласным досведзе ён прыйшоў да высновы, што ўмовы адбывання пакарання ў ЦІП зневажаюць чалавечую годнасць. Яны не адпавядаюць мінімальным стандартным правілам ААН у справе абыходжання са зняволенымі, Правілам ўнутранага распарадку спецыяльных установаў органаў унутраных справаў, а таксама парушаюць Канстытуцыю Рэспублікі Беларусь і Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Суддзя суда Маскоўскага раёну гораду Менску Вольга Гусакова адмовіла ў распачынанні справы. Яна спаслалася на тое, што справа не ляжыць ў кампетэнцыі суда. На ейную думку, утрыманне ў ЦІП вызначаецца правіламі ўнутранага распарадку спецыяльных установаў органаў унутраных справаў, якія выконваюць адміністратыўнае спагнанне ў выглядзе адміністратыўнага арышту, зацверджаныя пастановаю МУС Рэспублікі Беларусь.

Нягледзячы на гэты, Волчак мае намер і далей дамагацца закрыцця ЦІП. “Я ўжо накіраваў прыватную скаргу на вызначэнне суда Маскоўскага раёну ў Менскі гарадскі суд”, – расказаў Волчак.

belsat.eu

Стужка навінаў