У Арменіі, ЗША, Італіі, Расеі ды ва Украіне прайшлі акцыі салідарнасці з Бяляцкім


Сёння спаўняецца роўна год з моманту арышту праваабаронцы Алеся Бяляцкага. З ініцыятывы ягоных расейскіх калегаў дату затрымання Алеся Бяляцкага абвесцуілі Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі.

У Ерэване мясцовыя праваабаронцы правялі пікет перад пасольствам Беларусі. Ініцыятыва належала Хельсінкскай асацыяцыі правоў чалавека Арменіі. Беларускае дыпламатычнае прадстаўніцтва пікетавалі пяць актывістаў асацыяцыі, якія трымалі плакаты з заклікамі да салідарнасці.

Праваабаронца Мікаэл Даньельян расказаў журналістам, што ў Беларусі, якая ляжыць у цэнтры Еўропы, выконваюцца смяротныя прысуды і не працуе Еўрапейская канвенцыя правоў чалавека. “Людзей там арыштоўваюць за ўдзел у флэшмобах і акцыях”, – канстатаваў ён. Даньельян спрабаваў перадаць у пасольства петыцыю ў абарону Алеся Бяляцкага, але яе не прынялі.

У Кіеве банэр з партрэтам зняволенага праваабаронцы і надпісам “Свабоду Алесю Бяляцкаму!” вывесілі на пешаходным мосце насупраць галоўнай плошчы гораду – плошчы Незалежнасці.

У амерыканскім Кэстарвіле (штат Каліфорнія) мясцовыя праваабаронцы правялі фотасесію з плакатамі салідарнасці з Алесем Бяляцкім.

У Італіі да акцыі салідарнасці з беларускім праваабаронцам далучыліся ўдзельнікі асветніцкай ініцыятывы ў пытаннях грамадзянскага супрацьстаяння арганізаванай злачыннасці ды мафіі. Удзельнікі сустрэчы, маладыя людзі з Італіі, Расеі, Чэхіі, Украіны ды Іспаніі, зрабілі фотаздымкі з сімваламі Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю ды праваабарончым рухам Беларусі. Яны таксама адправілі з розных гарадоў Італіі паштоўкі са словамі падтрымання беларускім палітзняволеным і абяцалі асвятліць гэтую праблему на сваіх старонках у сацыяльных сетках.

У Мурманску мясцовыя праваабаронцы ўзялі ўдзел у фотасесіі салідарнасці. Там жа сёння пакажуць фільм “Беларуская мара”.

У Маскве сёння арганізавалі марафон салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю Беларусі і круглы стол “Паралелі: чаму Расею можа навучыць досвед Беларусі?”. У сустрэчы бяруць удзел беларускія праваабаронцы.

Алеся Бяляцкага арыштавалі 4 жніўня ў Менску і асудзілі на чатыры з паловай гады пазбаўлення волі ў калоніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасці. Праваабаронца адбывае пакаранне ў папраўчай калоніі Бабруйску. Міжнародныя праваабарончыя арганізацыі прызналі яго вязнем сумлення.

belsat.eu

Стужка навінаў