Правасуддзе праз тэлефон


Учора Аляксандр Лукашэнка правёў працоўную сустрэчу з працаўнікамі пракуратуры. На ёй кіраўнік краіны нагадаў неруплівым баярам, якім чынам мае трыумфаваць правасуддзе ў нашай краіне.

Лукашэнка патлумачыў пракурорам, як дзеяць у сітуацыі, калі да іх звяртаюцца людзі з просьбаю прыцягнуць да адказнасці кагосьці з “вертыкалі”. Аказваецца, перад тым, як распачаць працу, яны мусяць патэлефанаваць да прэзідэнта па дазвол.

“Вы можаце нават прыцягнуць губернатара да адказнасці, калі ён вінаваты. І не толькі губернатара, любога міністра. Званок генеральнаму пракурору – у яго наўпроставая сувязь з прэзідэнтам. Ён атрымлівае адпаведны дазвол на пэўныя дзеянні. Сістэма выбудаваная, зразумелая”, – павучаў кіраўнік краіны.

Званок прэзідэнту важнейшы за Канстытуцыю

Адмыслоўцы не ўпершыню кажуць аб праблемах з правасуддзем, якое ўчора Лукашэнка назваў “выбудаванаю сістэмаю”.

“З аднаго боку, Лукашэнка выступае кіраўніком, які хоча, каб пракуратура дзеяла эфектыўна, трэсла чыноўнікаў і вертыкальнікаў, але разам з тым, маўляў, “пазваніўшы мне, вы можаце браць за жэбры і міністра, і губернатара” – фактычна перакрэслівае прынцып незалежнасці пракуратуры, замацаваны ў Канстытуцыі”, – кажа палітолаг Аляксандр Класкоўскі. {movie}Аляксандр Класкоўскі пра нараду Лукашэнкі|right|5667{/movie}

Больш за 2000 некранальных

Хоць галоўны заканадаўчы дакумент краіны забяспечвае незалежнасць пракуратуры, існуюць людзі, якія перад законам больш роўныя, чымся астатнія.

“Існуе гэтак званы кадравы рэестр кіраўніка дзяржавы, куды ўваходзіць больш за 2 тысячы пасадаў нашай наменклатуры, зверху данізу. Узгадніць спачатку з прэзідэнтам і толькі потым уключаць закон. Вядома, гэта супярэчыць Канстытуцыі аб роўнасці ўсіх перад законам”, – кажа юрыст Беларускага Хельсінкскага камітэту Гары Паганяйла. {movie}Гары Паганяйла пра кадравы рэестр|right|5666{/movie}

Адмысловец не можа прыгадаць іншай краіны, дзе на афіцыйным узроўні замацаваны абавязак пракурораў пытацца дазволу на распачынанне крымінальнай справы ў найвышэйшага чыноўніка краіны.

Нагадалі перад выбарамі?

Аляксандр Класкоўскі ўпэўнены, што нарада выкліканая набліжэннем парламенцкіх выбараў. Пракуроры атрымалі загад не дапусціць правакацыяў і разабрацца з карупцыяй. Менавіта дзякуючы няспыннай барацьбе з карупцыяй Аляксандр Лукашэнка ў свой час прыйшоў да ўлады. Відавочна, што за 18 гадоў прэзідэнцтва праблемы не развязалі. Шкада, што кіраўнік краіны забыўся патлумачыць пракурорам, каму трэба тэлефанаваць, каб асудзіць самага галоўнага вертыкальніка.

belsat.eu

Стужка навінаў