Мікалаю Статкевічу забаранілі пісаць Севярынцу


Пра гэта паведаміла жонка экс-кандыдата на прэзідэнта

Паводле Марыны Адамовіч, да нядаўняга часу ейны муж атрымліваў лісты ад Севярынца. “Аднак апошнім часам замест лістоў Мікалаю пачалі ўручаць пустыя канверты з цыдулкаю пра тое, што ліставанне паміж зняволенымі забароненае. Гэта дзіўна, бо Севярынец фактычна не зняволены, а адбывае пакаранне ў папраўчай установе адкрытага тыпу”, – заўважыла Адамовіч.

Паводле яе, забарона на ліставанне – “улюбёная справа адміністрацыі калоніі”. “Цяпер Мікалай мае напісаць скаргу на забарону ліставання ў дэпартамент выканання пакаранняў і ў пракуратуру. Наколькі мне вядома, такую ж скаргу напіша і Павал Севярынец”, – сказала жонка асуджанага палітыка.

Акрамя таго, адзначыла Адамовіч, нядаўна яна атрымала ад мужа ліст, у якім той паведамляе, што пачаў змагацца за выкананне адміністрацыяй калоніі нормаў харчавання для зняволеных. “Мікалай – адзін з нешматлікіх зняволеных, у якога ёсць крыніца прыбытку – пенсія. Калонія з гэтай пенсіі вылічвае грошы за харчаванне. Тым не менш, Статкевіч знайшоў нормы ўтрымання ў калоніі, паводле якіх яму абавязаныя даваць малако, 250 грамаў гародніны, лязо для галення, туалетную паперу. Нічога гэтага ў калоніі яму мець не дазваляюць. На камісіі, якая падоўжыла яму турэмны рэжым ўтрымання, ён расцаніў гэта як прысабечванне сродкаў”, – сказала Адамовіч.

26 траўня 2011 года суд Ленінскага раёна Менска прысудзіў Статкевіча да шасці гадоў пазбаўлення волі паводле абвінавачанні ў арганізацыі масавых беспарадкаў у дзень выбараў прэзідэнта 19 снежня 2010 года. Ён адбываў пакаранне ў шклоўскай калоніі № 17, аднак 15 студзеня 2012 г. палітыка перавялі ў следчы ізалятар Магілёва. Прычынаю стала афіцыйная рэкамендацыя адміністрацыі калоніі, якая цвердзіла, што асуджаны палітык “не стаў на шлях выпраўлення”, “да ўмоўна-датэрміновым вызваленні не імкнецца” і па адбыцці пакарання мае намер “весці злачынны лад жыцця”. Са словаў жонкі палітыка, фармальнаю нагодаю для абвінавачання стала тое, што на адзенні Статкевіча не было біркі з нумарам зняволенага – бірку ж канфіскавалі перад праверкаю.

belsat.eu

Стужка навінаў