Вікторыя Азаранка заваявала “бронзу” на Алімпійскіх гульнях


Першая ракетка свету ў двух сэтах перамагла расяянку Марыю Кірыленку (15 ракетка свету) 6:3, 6:4.

У першым коле спаборніцтваў Азаранка перамагла Ірыну-Камэлью Бэгу (79, Румынія) – 6:1, 3:6, 6:1, у другім была мацнейшая за Марыю Хасэ Марцінэс Санчэс (90, Іспанія) – 6:1, 6:2, у чвэрцьфінале перагуляла Надзею Пятрову (23, Расея) – 7:6, 6:4, а ў паўфінале саступіла Сэрыне Ўільямз (4, ЗША) – 1:6, 2:6.

У фінале адзіночнага разраду алімпійскага тэніснага турніру сёння сустрэнуцца Сэрына Ўільямз і расяянка Марыя Шарапава.

Вікторыі Азаранцы ды Максіму Мірнаму сёння яшчэ трэба будзе дагуляць чвэрцьфінальны матч змяшанага разраду супраць дуэту з Індыі Санья Мірза / Леандэр Паес. Гульня перапынілася ўчора пры ліку 7:5, 3:2 на карысць беларусаў.

Цяперашнія Алімпійскія гульні – другія ў кар’еры Вікторыі Азаранка. Чатыры гады таму ў Пекіне беларуска дайшла да 1/8 фіналу адзіночнага разраду, дзе саступіла амерыканцы Вінус Ўільямз.

Бронзавы медаль Азаранкі – пяты для каманды Беларусі на Гульнях у Лондане. Раней “золата” ўзяў стралок Сяргей Мартынаў (вінтоўка, 50 м лежачы), “срэбра” – Аляксандра Герасіменя ў плаванні на 100 м вольным стылем, “бронзу” – Марыя Шкерманкова ды Ірына Кулеша (абедзве – цяжкая атлетыка).

belsat.eu

Стужка навінаў