Кэтрын Эштан: высыланне Эрыксана парушае нормы адносінаў паміж дзяржавамі


З вялікаю заклапочанасцю я атрымала сёння навіны з Менску і Стакгольма пра тое, што ўлады Беларусі вырашылі выслаць шведскага амбасадара Стэфана Эрыксана”, – заявіла вярхоўная прадстаўніца Еўразвязу ў пытаннях вонкавай палітыкі і палітыкі бяспекі Кэтрын Эштан.

Гэтае рашэнне Менску “парушае нормы адносінаў паміж дзяржавамі”, падкрэсліла палітык. Яна таксама зазначыла, што ЕЗ і Швецыя застаюцца прыхільнымі “мадэрнізацыі Беларусі ды распаўсюджання еўрапейскіх каштоўнасцяў, асабліва дэмакратыі, правоў чалавека і вяршэнства закону”.

Сітуацыю вакол амбасадара Швецыі ды магчымую рэакцыя з боку ЕЗ камітэт у пытаннях палітыкі і бяспекі разгледзець на найбліжэйшым паседжанні ў Бруселі, паведаміла еўракамісар.

Пра тое, што Стэфан Эрыксан экстранна пакінуў Менск, стала вядома ўвечары 3 жніўня з запісу ў “Тўітэры” міністра замежных справаў Швецыі Карла Більта.

Як растлумачыў кіраўнік прэс-службы шведскага МЗС Андэрс Ёрле, паведамленне пра высыланне свайго амбасадара ў Беларусі шведскае МЗС атрымала яшчэ 1 жніўня. Улады Беларусі не прадоўжылі Эрыксану дазволу на працу ў краіне. “Афіцыйнага тлумачэння не было, але відавочна, што гэта звязана з ягонаю актыўнасцю дзеля падтрымання дэмакратычных каштоўнасцяў”, – сказаў Ёрле.

Карл Більт зрабіў наконт сітуацыі наступную заяву: “Высыланне шведскага амбасадара з Беларусі рэжымам Лукашэнкі – сур’ёзнае парушэнне стандартаў міждзяржаўных адносінаў. Абвінавачанні, выстаўленыя рэжымам у дачыненні пасла, не маюць падставаў. Тое, што Швецыя ўсебакова падтрымлівае дэмакратыю і правы чалавека ў Беларусі, не сакрэт, і амбасадар Эрыксан напоўніцу праводзіў гэтую палітыку. Амбасадар Эрыксан працягне сваю працу з яшчэ больш ясным акцэнтам на падтрыманне дэмакратыі ды правоў чалавека ў Беларусі. Мы таксама супольна з іншымі краінамі ЕЗ разгледзім шляхі далейшага ўзмацнення гэтай дзейнасці”.

У якасці крокаў у адказ шведскія ўлады праінфармавалі пасольства Беларусі ў Швецыі аб “непажаданасці” прыбыцця ў Стакгольм новага беларускага пасла. Апрача таго, “будуць адкліканыя дакументы аб праве на жыхарства ў Швецыі ў двух прадстаўнікоў пасольства”, – паведаміў Більт.

Учора ўвечары 3 жніўня дзяржаўныя тэлеканалы абвінавацілі Эрыксана ў рыхтаванні “арабскай вясны” ў Беларусі. “Ёсць інфармацыя, што ў 2010 годзе Стэфан Эрыксан неаднаразова асабіста перадаваў інструкцыі, грошы радыкальным групоўкам, экстрэмістам, якія рыхтавалі сілавую акцыю супраць Беларусі кшталту “арабскай вясны”, – паведаміў Першы нацыянальны тэлеканал. У сюжэце сцвярджалася, што шведская дыпламатычная місія ў Менску замяшаная ў кантрабандзе: “5 чэрвеня 2012 года праваахоўныя органы Беларусі спынілі спробу ўвозу партыі літаратуры невядомага зместу ў буйным аб’ёме без неабходных суправаджальных тлумачальных дакументаў. Пасля адмовы даць доступ да гэтага грузу аўтамабіль пасольства Швецыі выехаў на тэрыторыю Літвы. Пасол Эрыксан фактычна пакрываў кантрабанду”.

Канал таксама паведаміў, што “дагэтуль да канца няясная ступень магчымага ўдзелу як Стэфана Эрыксана, гэтак і шведскага кіраўніцтва ў арганізацыі правакацыі з парушэннем межаў Беларусі”.

belsat.eu

Стужка навінаў