У інтэрнэце запрацаваў сайт падтрымання затрыманага журналіста Антона Сурапіна


На старонцы – сутнасць абсурднага абвінавачання Сурапіна і адрасы для падтрымання.

Сурапіна затрымаў КДБ 13 ліпеня ў справе аб незаконным перасячэнні мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам. Інцыдэнт адбыўся зранку 4 ліпеня. Над Івянцом і Менскам скінулі сотні плюшавых мядзведзяў. Адказнасць за акцыю ўзялі на сябе прадстаўнікі шведскай PR-кампаніі “Studio Total”. Такім чынам яны хацелі падтрымаць свабоду слова ў Беларусі.

Тым часам КДБ працягвае расследаваць крымінальную справу паводле факту перасячэння дзяржаўнай мяжы. З неафіцыйнай інфармацыі вядома, што абвінавачанні выставілі двум фігурантам. Адзін з іх – 20-гадовы студэнт Інстытуту журналістыкі БДУ Антон Сурапін, які першы выклаў на сваім сайце “Belarusian News Photos” фотаздымкі скінутых шведамі цацачных мядзведзяў. Другі – Сяргей Башарымаў, які здае кватэры на кароткі тэрмін і ў якога шведы – удзельнікі акцыі – маглі або планавалі здымаць жыллё.

У дачыненні Сурапіна распачалі справу на падставе ч. 3 арт. 371 КК, яго абвінавачваюць у “дапамаганні наўмыснаму незаконнаму перасячэнню мяжы, учыненаму арганізаванаю групай асобаў”. Башарымаву нібыта ўжо выставілі абвінавачанне ў дапамаганні незаконнаму перасячэнню мяжы.

У справе затрымлівалі таксама і дзвюх дзяўчын. Гэта сяброўка Башарымава Ірына Лагойка, якая содні правяла ў СІЗА КДБ. З яе ўзялі падпіску аб невыдаванні тайны следства. А таксама 16-гадовая Кацярына Скурат, якая нібыта першая сфатаграфавала плюшавых мядзведзяў і даслала фотаздымкі Сурапіну. Дзяўчыну дапыталі ў прысутнасці бацькоў і адпусцілі.

belsat.eu

Стужка навінаў