Адпомсцілі за мядзведзікаў? Шведскага амбасадара выслалі з Беларусі (абноўлена)


Як паведаміў шведскі міністр замежных справаў Карл Більт радыё “Швецыя”, супраць Стэфана Эрыксана былі выстаўленыя абвінавачанні датычна ягоных “сувязяў з беларускай апазіцыяй”.

Палітык лічыць гэтыя абвінавачанні бессэнсоўнымі ды звязвае высыланне Эрыксана з ягоным падтрыманнем правоў чалавека ў Беларусі.

Палітолаг Уладзімір Мацкевіч мяркуе, што высыланне пасла – няўдалая помста за шведскі плюшавы дэсант. “Гэты крок, да таго ж вельмі позні, прадыктаваны тым, што ў кіраўніцтва Беларусі няма адэкватнага адказу на акцыю шведаў, таму яны арыштоўваюць фатографа, рыэлтара і высылаюць шведскага пасла, які ну ніякага дачынення да гэтага палёту не меў”, – кажа адмысловец.

Паводле Мацкевіча, рацыянальнай матываванасці гэтая захада не мае. Арышты недатычных людзей і высыланне амбасадара – гэта толькі спробы зрабіць выгляд нейкага адказу. Замест працы над памылкамі ды рэарганізацыі сістэмы супрацьпаветранай абароны, улады помсцяць тым, каго хоць нейкім чынам можна звязаць з акцыяй “Studio total”.

У сваю чаргу прэсавы сакратар беларускага МЗС Андрэй Савіных заяўляе, што Эрыксан сам вінаваты ў сваім ад’ездзе. Паводле Савіных, Беларусь не высылае шведскага амбасадара, а проста не працягвае яму акрэдытацыі.

“Спадар Стэфан Эрыксан працаваў у Менску каля 7 гадоў. Гэта доўгі тэрмін. За гэты час уся ягоная дзейнасць была скіраваная не на ўмацаванне беларуска-шведскіх адносінаў, а на іх разбурэнне”, – гаворыцца ў заяве МЗС. {movie}Андрэй Савіных пра высылку Эрыксана|right|5657{/movie}

Рэакцыя ж самой Швецыі прадказальная. Карл Більт ужо заявіў што прысутнасць беларускіх дыпламатаў у Швецыі непажаданая. Такім чынам, прадстаўнік Беларусі ў гэтай краіне Андрэй Грынкевіч разам з яшчэ двума працаўнікамі амбасады будзе вымушаны пакінуць Швецыю.

Уладзімір Мацкевіч звяртае ўвагу на тое, што Швецыя абавязкова павялічыць падтрыманне беларускіх незалежных медыяў, ЕГУ і недзяржаўных грамадскіх арганізацыяў. Такім чынам, высыланне Стэфана Эрыксана наўрад ці чымсьці дапаможа рэжыму.

Відавочна, што глеба да гэткага кроку рыхтавалася ўжо нейкі час. Днямі “Советская Белоруссия” апублікавала адыёзны тэкст, аўтар якога пабачыў пагрозу для Беларусі ў… шведскім імперыялізме. Згадвалася там і асоба Стэфана Эрыксана.

“Швецыя праяўляе на першы погляд незразумелую актыўнасць на беларускім кірунку. Вельмі незвычайнай ёсць фігура шведскага пасла спадара Эрыксана, які валодае беларускаю моваю ды актыўна ёю карыстаецца. Ужо гэта сведчыць пра павышаную цікаўнасць Швецыі да Беларусі”. – пісалася ў артыкуле.

Стэфан Эрыксан працаваў у Беларусі з 2005 года. У 2008 заняў пасаду амбасадара Швецыі ў Беларусі. Эрыксан дасканала ведае беларускую мову і актыўна падтрымлівае беларускую культуру. У прыватнасці, ён пераклаў на шведскую мову творы Васіля Быкава, запрашаў шведскіх пісьменнікаў у Беларусь, падтрымліваў пераклад іхных твораў і арганізоўваў канцэрты беларускіх гуртоў у Швецыі.

belsat.eu

Стужка навінаў