Першае алімпійскае золата для Беларусі!


Стралок Сяргей Мартынаў заваяваў першае месца на Алімпіядзе ў Лондане ў стральбе з дробнакалібернай вінтоўкі на 50 метраў, усталяваўшы пры гэтым новыя сусветны і алімпійскі рэкорды.

У кваліфікацыі Мартынаў, які ёсць лідарам сусветнага рэйтынгу ў гэтай дысцыпліне, набраў максімум пунктаў – 600 з 600 магчымых, паўтарыўшы сусветны і алімпійскі рэкорды.

У фінале Мартынаў працягнуў фенаменальную стральбу і дзесяццю выстраламі выбіў 105,5 балаў, перапісаўшы, такім чынам, сусветны і алімпійскі рэкорды яшчэ з улікам фіналаў (705,5 балаў). Папярэдняе найлепшае дасягненне (704,8 бала) было ўсталяванае на Алімпіядзе ў Атланце немцам Крыст’янам Клеэсам.

Сяргей Мартынаў, якога адмыслоўцы называюць найлепшым спартоўцам у гісторыі стральбы з дробнакалібернай вінтоўкі, ёсць бронзавым прызёрам дзвюх Алімпіядаў (у 2000 і 2004 гг.), уладальнікам Кубку свету, чэмпіёнам свету.

Да золата Мартынава ў скарбонцы беларускай зборнай на Алімпіядзе ў Лондане былі дзве ўзнагароды: срэбра плыўчыхі Аляксандры Герасімені ў плаванні на 100 метраў вольным стылем і бронза цяжкаатлеткі Марыны Шкерманковай у вагавой катэгорыі да 69 кілаграмаў.

Нагадаем, Аляксандр Лукашэнка паставіў перад беларускаю камандаю задачу прывезці з Лондану 25 медалёў, 5 з якіх мусяць быць залатыя.

belsat.eu

Стужка навінаў