Малатабойца Ціхана знялі з Алімпіяды за дзень да выступу


Паводле Міністэрства спорту, ён быў адною з галоўных надзеяў Беларусі на залаты медаль.

Кідальнік молату Іван Ціхан меў выступаць сёння. “Беларуская федэрацыя лёгкай атлетыкі атрымала ліст з Міжнароднай федэрацыі з прапановаю адхіліць Ціхана. Было прынятае рашэнне пайсці на гэта, каб не падставіць усёй лёгкаатлетычнай каманды, якую маглі дыскваліфікаваць”, – патлумачыў прэс-сакратар Міністэрства спорту і турызму Уладзімір Несцяровіч.

Малатабойцу згадалі старыя допінг-пробы: на Алімпіядзе ў Афінах у 2004 г. і на чэмпіянаце свету ў Хельсінкі ў 2005 г. Газета “Прессбол” 2 жніўня паведаміла, што тады ў іх выявілі забароненыя рэчывы. Пробы захоўваюцца 8 гадоў пасля ўзяцця. Цягам гэтага тэрміну яны зноў аналізуюцца з дапамогаю новых метадаў выяўлення допінгу. У Грэцыі Ціхан заваяваў срэбны медаль.

Уладзімір Несцяровіч кажа, што Ціхан быў адною з асноўных надзеяў на залаты медаль, усе перадалімпійскія допінг-пробы далі адмоўны вынік. Прадстаўнік Міністэрства спорту называе ліст надзвычай дзіўным, звяртаючы ўвагу на тое, што прыйшоў ён за дзень на да старту. Ён мяркуе, што Ціхану маглі адпомсціць за тое, што ў 2010 г. ён разам з Вадзімам Дзевятоўскім выйграў суд у Міжнароднага алімпійскага камітэту, які абвінаваціў іх ва ўжыванні допінгу і пазбавіў медалёў Алімпіяды-2008.

belsat.eu

Стужка навінаў