Лукашэнка прызначыў новага старшыню Памежнага камітэту


І заявіў звольненым афіцэрам, што вызваленне з пасады было яшчэ лёгкім пакараннем.

Новым старшынём Дзяржаўнага памежнага камітэту стаў нарадзінец Украіны палкоўнік Аляксандр Боечка.

Падчас прызначэння Лукашэнка адзначыў, што звольненыя афіцэры прымалі больш палітычных рашэнняў, чымся ўзмацнялі ахову мяжы.

“Гэтыя рашэнні прымаліся на пэўныя патрабаванні кіраўніцтва Дзяржпамежкамітэту. Аднак гэта не азначала, што не трэба трымаць на замку нашую мяжу. Няправільна, што мы памежнікаў зрабілі больш палітыкамі, чым вайсковымі людзьмі. Галоўная іхная задача – ахова дзяржаўнай мяжы”, – перадае прэс-служба кіраўніка краіны.

Аляксандра Боечку, паводле словаў Лукашэнкі, станоўча характарызуе тое, што ён памежнік “з зялёнай паласы, ведае з сярэдзіны памежную службу і памежны дух”.

Каментуючы адстаўку ранейшага кіраўніка камітэту Ігара Рачкоўскага, прэзідэнт заявіў: “Ніякай “надзвычайшчыны” ў гэтым няма. Наадварот, яшчэ мала пакаралі. У савецкія часы за такія рэчы пасадзілі б за краты. У тым, што здарылася, вінаватыя найперш памежнікі, бо памежны атрад выявіў самалёт, але адпаведная каманда аб пакаранні парушальнікаў мяжы не прайшла”.

Паводле Лукашэнкі, “беспакаранымі парушэнні дзяржаўнай мяжы быць не мусяць”. “Іх неабходна спыняць усімі сіламі ды сродкамі, у тым ліку зброяй, нягледзячы ні на што. Памежнікам трэба даказаць сваю адданасць Айчыне. Маё асабістае стаўленне да памежных войскаў вы ведаеце, і я не дазволю ганьбіць пагоны, якія насіў сам і насілі мае дзеці”, – заявіў ён.

“Абараніць дзяржаву на апошнім рубяжы – галоўная задача памежнікаў. Міжнародная дзейнасць, іншыя пытанні – другасныя. Мы мусім абараняць перш за ўсё свае інтарэсы. На любыя правакацыі мусіць быць годны адказ з нашага боку”, – пагразіў кіраўнік краіны.

Аляксандр Боечка ў 1986 г. скончыў артылерыйскую вучэльню ў Тбілісі (Грузія), служыў у Афганістане, мае дзве баявыя ўзнагароды – ордэн Чырвонага Сцяга, медаль “За баявыя заслугі”. Пасля службы ў Афганістане працаваў начальнікам заставы, быў на штабной працы. У 1999 г. скончыў Акадэмію Федэральнай памежнай службы Расеі, служыў у Цэнтральным апараце Дзяржаўнага камітэту памежных войскаў Беларусі. Ад 2002 г. быў начальнікам Лідскага памежнага атраду, у 2007-м вярнуўся ў Цэнтральны апарат ужо Дзяржаўнага памежнага камітэту. У 2009 г. скончыў Акадэмію Генеральнага штабу Узброеных сілаў РФ. Да гэтага прызначэння займаў пасаду намесніка начальніка аднаго з галоўных упраўленняў Дзяржаўнага памежнага камітэту.

Ранейшы старшыня Дзяржаўнага памежнага камітэту Ігар Рачкоўскі быў вызвалены ад займанай пасады 31 ліпеня. Прычынаю адстаўкі стала парушэнне мяжы шведскім лёгкаматорным самалётам 4 ліпеня. Шведы ляталі над тэрыторыяй Беларусі амаль паўтары гадзіны і скінулі над Менскам ды Івянцом сотні плюшавых мядзведзяў. Акцыя праводзілася дзеля падтрымання свабоды слова ў Беларусі.

Прадстаўнікі памежных войскаў спачатку катэгарычна адмаўлялі факт парушэння мяжы, пакуль шведы не выклалі ў інтэрнэце відэа свайго палёту.

Разам з Ігарам Рачкоўскім пасады пазбавіўся камандуючы ваенна-паветранымі сіламі ды войскамі супрацьпаветранай абароны Дзмітрый Пахмелкін.

belsat.eu

Стужка навінаў