94-ы паслявыбарчы дзень: пратэсты медыкаў і студэнтаў, спыненне БелАЭС, рэкорды каронавіруса


Беларусы 94-ы дзень запар выходзяць адстойваць сваё права на свабоду. 10 лістапада медыкі і студэнты стаялі ў ланцугах салідарнасці, жанчыны з кветкамі збіраліся ля Камароўкі, а ў судах працягнуліся суды над затрыманымі на акцыях, што былі ў выходныя. Belsat.eu сабраў галоўныя падзеі дня.

Пратэсты

З заклікамі вызваліць калегаў і спыніць рэпрэсіі ў ланцуг салідарнасці перад працаю выйшлі работнікі МНПЦ хірургіі, транспланталогіі і гематалогіі, а таксама працаўнікі Больніцы хуткай медычнай дапамогі, медыкі 6-й гарадской клінічнай бальніцы, 14-й цэнтральнай раённай паліклінікі.

Акцыя салідарнасці медыкаў

З пачатку тыдня 5 медыкам прысудзілі арышт.

15 содняў арышту атрымалі кіраўнік змены СМП 8-й падстанцыі Менску Дзмітрый Стралкоў, такі ж прысуд агучылі стаматолагу Наталлі Акімавай. Анколаг-хірург Юрый Івашкевіч атрымаў 12 дзён арышту. Учора на 15 дзён асудзілі старшага лекара 9-ай падстанцыі хуткай дапамогі Менску Вадзіма Карагулькіна і анэстэзістку менскага анкадыспансеру Наталлю Ермалаеву.

Акцыя салідарнасці медыкаў РНПЦ

На акцыю салідарнасці з затрыманымі на акцыях 7-8 лістапада на Камароўку сёння выйшлі і жанчыны з кветкамі.

Да Камароўскага рынку на знак салідарнасці з затрыманымі 7-8 лістапада выйшлі жанчыны з кветкамі. Фота TUT.by

У БДЭУ затрымалі студэнтаў

Студэнты працягваюць пратэставаць, не зважаючы на судовыя рэпрэсіі. Сёння сілавікі разагналі акцыю салідарнасці студэнтаў БДЭУ ў Менску. Паводле відавочцаў, на акцыю а 12:40 прыехала 2 аўтобуса з сілавікамі, людзі ў чорным забралі 5 студэнтак.

Іх забралі ў РУУС Заводскага раёну Менску. Двух няпоўнагадовых студэнтак адпусцілі, рэшту, імаверна, забралі на Акрэсціна.

Адна са студэнтак распавяла падрабязнасці затрымання:

«Мяне павалілі на зямлю, стукнулася галавой. Адзін з іх берцам на валасы наступіў, потым ударыў па плячы і штурхнуў, я ўпала стукнулася аб аўтобус і асфальт. Пасля яны крычалі на нас і пагражалі згвалтаваннем».

Акцыі салідарнасці не прыпыняюцца ў БДАМ

Акцыя салідарнасці каля БДАМ. Студэнты выставілі адзнакі ў залікоўку беларускіх студэнтаў-2020. Там 10-кі за крэатыўнасць, салідарнасць, смеласць і свядомасць. Фота з тэлеграм-каналу Студэнцкая ініцыятыўная група

Студэнты і выкладчыкі БДУ выходзілі ў падтрымку затрыманага выкладчыка англійскай мовы Дзяніса Тушынскага і студэнткі 4-га курса БДУ Ульяны Масалавай.

Акцыя студэнтаў ФМА ў падтрымку затрыманых студэнтаў і выкладчыка

Судовы канвеер

Працягваюцца масавыя суды над пратэстоўцамі, якіх затрымалі 7-8 лістапада. Жанчынаў з няпоўнагадовымі дзецьмі штрафуюць, бо іх нельга адправіць на содні. Усім астатнім вязням даюць 12-15 содняў.

15 содняў прысудзілі журналістцы «Нашай Нівы» Кацярыны Карпіцкай. Адправілі адбываць недаседжаныя 12 содняў адміністрацыйнага арышту магілёўскага журналіста-аператара Аляксандра Сідарэўскага. Максімальны тэрмін адміністрацыйнага арышту атрымалі музыкі Андрусь Такінданг і лідар гурту «Нагуаль» і ўдзельнік гурту «Рэха» Леанід Паўлёнак.

Аб’ектыў
Музыкі, студэнты ды журналісты на лавах падсудных – працяг судовых рэпрэсіяў
2020.11.10 22:21

За кратамі застаюцца таксама нашыя калегі, фрылансеры Яўген Шапчыц і Арцём Лява. Суд так і не адбыўся праз вялікую колькасць затрыманых. Учора ў Беларусі разгледзелі 240 справаў за ўдзел у пратэсце. 95 асобаў атрымалі арышты агулам на больш як 1300 содняў, агульная сума штрафаў для 131-ой асобы склала больш за 50 тысячаў рублёў.

Проста з дому міліцыя забрала журналіста Радыё «Свабода» Алега Грузьдзіловіча.

Hавiны
«Я магла там лёгка памерці». Затрыманая доктарка – пра катаванні сілавікоў, якія ведаюць, «што ім нічога не будзе»
2020.11.10 17:10

На БелАЭС часова прыпыненая выпрацоўка электраэнергіі

Пасля афіцыйнага адкрыцця першая беларуская электрастанцыя прапрацавала 3 дні. Сёння Мінэнерга афіцыйна пацвердзіла, што на станцыі электрычнасці не выпрацоўваецца. Калі адновяць працэс — невядома.

Паводле ведамства, часовае прыпыненне пастаўкі электраэнергіі на першы блок прадугледжана праграмай этапу «Энергетычны пуск». Паведамляецца, што рэжым магутнасці турбагенератара знізілі да нулявога для правядзення выпрабаванняў і неабходных работ, у тым даводкі і наладкі абсталявання.

Прыпыненне не нясе радыяцыйнай і ядравай небяспекі, паведаміў ТАСС кансультант Дзяржатамнагляду МНС Беларусі Алег Собалеў.

Аб’ектыў
У Беларусі хочуць пабудаваць другую АЭС
2020.11.10 22:21

Лукашэнка запусціў БелАЭС у Астраўцы 7 лістапада. Ён назваў запуск станцыі «гістарычнай падзеяй» у жыцці краіны.

Тым часам дзяржкарпарацыя «Росатам» ужо абмяркоўвае з уладамі Беларусі будаўніцтва другой атамнай электрастанцыі і даследчага рэактара.

У рэгіёнах шырыцца ўвядзенне каранціну і масачнага рэжыму

Новы рэкорд захворвання на COVID-19: больш за 1000 выпадкаў цягам содняў. З 10 лістапада абавязковы масачны рэжым увялі яшчэ ў двух раёнах Беларусі – Клічаўскім і Крычаўскім раёнах Магілёўскай вобласці.

Аб’ектыў
Доктар распавёў, калі чакаць сапраўдны пік захворванняў на каронавірус
2020.11.10 22:21

Услед за Магілёвам – Асіповіцкі і Полацкі раёны, Гомельшчына, Бабруйск. Прынамсі там улады Беларусі пастанавілі ўвесці абавязковы масачны рэжым. Прыкрываць нос і рот трэба будзе ўва ўсіх грамадскіх месцах, дзе праблематычна забяспечыць сацыяльную дыстанцыю. Гэта крамы, банкі, аптэкі, грамадскі транспарт.

Hавiны
Амаль каранцін? Рэгіёны ўводзяць абмежаванні ў сувязі з каронавірусам
2020.11.10 15:46

 

Праз COVID-19 абмяжоўваюцца ў часе працы бары, кавярні, рэстараны, боўлінгі. На месяц адмяняюцца масавыя мерапрыемствы ў закрытых памяшканнях (выставы, дэгустацыі, рэкламныя акцыі і гд).

Улады крадуць грошы атрымальнікаў дапамогі ад BY_help

Сёння стала вядома, што ўлады блакуюць рахункі беларусаў, якія атрымліваюць дапамогу ад @by_help, а таксама адбіраюць у іх грошы.

«Сёння з рахункаў беларусаў скралі 1 400 000 рублёў, якія яны атрымалі ў якасці кампенсацыі за катаванні, якім іх падвергнулі каты ў чорным, што баяцца проста паказаць твар. А калі можна скрасці 1 400 тысячаў, то і 14 мільёнаў можна ўкрасці. І 140. І паўтары мільярды. Ніводзін дэпазіт цяпер не знаходзіцца ў бяспецы. Самае правільнае, што можна зараз зрабіць – гэта ўзяць картку і адправіцца ў бок бліжэйшага банкамату. Або банкаўскага аддзялення», – напісаў у сваім Facebook Аляксей Лявончык.

У каментары «Белсату» Аляксей Лявончык адзначыў, што грошы скралі ў сотняў чалавек, але ініцыятыва працягне працу.

Hавiны
Улады крадуць грошы з рахункаў атрымальнікаў дапамогі ад BY_help
2020.11.10 17:48

Арменія, Азербайджан і Расея падпісалі пагадненне аб міры ў Нагорным Карабаху

Азербайджан і Арменія пры пасярэдніцтве Расеі падпісалі мірнае пагадненне, згодна з якім Баку атрымлівае вялікую частку Нагорна-Карабахскай Рэспублікі (НКР), а таксама ўсе азербайджанскія раёны, якія раней былі занятыя войскамі НКР. Пагадненне пачало дзеяць з 00:00 10 лістапада. У Ерэване пачаліся пратэсты.

Hавiны
Мір у Карабаху, сутыкненні ў Ерэване: што сёння адбывалася ў Арменіі ды Азербайджане
2020.11.10 18:56
Стужка навінаў