Праваабаронцу «Платформы», якую знайшлі на Акрэсціна, вінавацяць у хуліганстве


Пра гэта стала вядома пасля таго, як Алену Красоўскую-Каспяровіч наведаў адвакат.

Сувязь з праваабаронцаю знікла ўдзень 31 ліпеня, калі яна пайшла на сустрэчу, каб перадаць матэрыялы аб судзе, які адсочвае “Платформа” ў межах кампаніі “несправядлівы прысуд”. Паплечнікі Красоўскай-Каспяровіч безвынікова абтэлефанавалі ўсе больніцы і ўпраўлення ўнутраных справаў Менску, пасля чаго падалі заяву пра яе знікненне. Толькі ўвечары 1 жніўня стала вядома, што Алёну затрымалі, яна ў Цэнтры ізаляцыі правапарушальнікаў (ЦІП).

Як паведаміў Бандарэнка, высветлілася, што жанчыну забралі 31 ліпеня а 16:00 каля дому, дзе яна жыве. “Да яе падышлі двое працаўнікаў міліцыі ды, не тлумачачы прычыны, прапанавалі праехаць разам з імі. Даставілі ў пастарунак, дзе склалі пратакол за нецэнзурную лаянку ў грамадскім месцы. Падчас складання пратаколу ўчастковы кудысьці тэлефанаваў і ўдакладняў, што яму рабіць далей. У канчатковым выніку яе прывезлі ў Цэнтр ізаляцыі правапарушальнікаў ГУУС Менгарвыканкаму, дзе яна застаецца да гэтага часу”, – распавёў дырэктар “Платформы” Андрэй Бандарэнка.

Сёння а 16:00 мінае 48 гадзінаў, адведзеных на перадаванне справы ў суд Партызанскага раёну Менска. Калі гэтага не зробяць, не пазней за 16-ю гадзіну 3 жніўня Красоўскую-Каспяровіч мусяць у адпаведнасці з заканадаўствам вызваліць. Праз адваката Красоўская-Каспяровіч паведаміла, што пачуваецца нармальна, скаргаў на ўмовы ўтрымання ў яе няма.

Інфармацыйна-асветніцкая ўстанова “Платформа” сочыць за выкананнем заканадаўства ў папраўчых установах. Сёлета ў лютым “Платформа” абвесціла пра рэалізацыю новага праекту: “Маніторынг правоў чалавека ў месцах пазбаўлення волі”.

Апошнім часам, паводле Андрэя Бандарэнкі, на чальцоў арганізацыі ўзмацніўся ціск з боку сілавых органаў. Самога Бандарэнку нядаўна паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ.

belsat.eu

Стужка навінаў