«Ліверпул» згуляе ў Гомлі


Ці адужаюць нашыя хлопцы англійскі клуб?

Заўтра ў сваім родным горадзе футбольны клуб “Гомель” прымае “Ліверпул”. Гомельскія спартоўцы спаткаюцца з ангельцамі ў 3-м кваліфікацыйным раўндзе Лігі Еўропы.

Каб памерацца футбольным майстэрствам з прадстаўнікамі прэстыжнага клубу, гамельчукам давялося пераадолець два кваліфікацыйныя раўнды. Беларускія спартоўцы перагулялі ў 2-м раўндзе паводле сумы двух матчаў македонскую “Рэнову” (2:0 у гасцях, 0:1 дома), а ў папярэднім раўндзе выгулялі ў “Вікінгура” з Фарэрскіх астравоў (6:0 і 4:0).

Нягледзячы на высокія кошты квіткоў на матч (ад 150 да 400 тысячаў), на іх быў вялікі попыт. Дырэктар клубу “Гомель” Яўген Пабалавец паведаміў, што 90 % квіткоў выкупілі мясцовыя прадпрыемствы.

Заўтрашні матч абяцае быць відовішчным і цікавым. Гамельчукі ўпершыню сустрэнуцца з такою моцнаю і амбітнаю камандаю, як “Ліверпул”. “Ліверпул” – 18-разовы чэмпіён Англіі, 5-разовы пераможца Лігі чэмпіёнаў. Каманда тройчы здабывала Кубак УЕФА і адзін раз – Кубак кубкаў. Нядаўна “Ліверпул” заявіў пра свой удзел у парадзе прадстаўнікоў сексуальных меншасцяў. Гэтак “Ліверпул” станецца першым футбольным клубам, які падтрымае ЛГБТ-рух.

Як настроеныя нашыя?

Футбалісты “Гомлю” падкрэсліваюць, што страху перад матчам няма, але тое, што гэта будзе выключнае спатканне для іхнай каманды і роднага гораду, яны цалкам усведамляюць.

Трэнер клубу Алег Кубараў прызнае, што матч з “Ліверпулам” – знакавы для ўсяго гомельскага футболу. “Раней каманда ніколі не гуляла з супернікам такога ўзроўню, – адзначыў Кубараў. – З гэтага гледзішча цікава праверыць, ці хлопцы здолеюць зрабіць тое, што задумалі”.

“Страху няма, але гэта крок у невядомае. Адказнасць будзе крыху большая, чым падчас звычайнага матчу”, – пракаментаваў абаронца Павел Яўсеенка.

Іншы ж гулец Дзмітрый Платонаў падкрэсліў: “Гэта такі ж матч, як і ўсе астатнія. Трэба засяродзіцца і ўсё рабіць як звычайна!”

belsat.eu

Стужка навінаў