Родныя дзяўчыны з Івянца хаваюць, што яе дапытаў КДБ


Працаўнікі спецслужбаў не даюць спакою Кацярыне Скурат, якая магла адна з першых зрабіць здымкі мядзведзікаў, скінутых шведамі.

У пятніцу, 20 ліпеня, з’явіліся чуткі пра затрыманне 16-гадовай выпускніцы івянецкай школы дзеля расследавання шведскага дэсанту. Сёння высветлілася, што КДБ-шнікі толькі дапыталі яе ў прысутнасці бацькоў. Яна расплакалася падчас гутаркі, а чэкісты, папярэдзіўшы дзяўчыну і ейных бацькоў, сышлі.

У кожнага сваяка – свая версія

Пра лёс Кацярыны Скурат не было нічога вядома цягам некалькіх апошніх дзён. Ейны мабільны быў выключаны, профіль vkontakte – выдалены, хатні тэлефон маўчаў. Сяброўкі з Івянца, якія кантактавалі з ёю штодзённа, не ведалі, што здарылася.

Дзядуля дзяўчыны адмовіўся ад каментароў, сказаўшы: “Вы ж самі ўсё разумееце”. Бабуля сцвердзіла, што Кацярына паехала адпачываць. Цётка выпускніцы спрабавала давесці, што Кацярына рыхтуецца да ўступнага іспыту ў Інстытут журналістыкі ды застаецца дома. Жанчына пераконвала, што інфармацыя пра затрыманне Кацярыны – злосная плётка, распаўсюджаная зайздроснікамі. Цётка сказала, што Каця – вельмі здольная дзяўчына, пераможца абласных і рэспубліканскіх алімпіядаў па беларускай мове. Адсюль, патлумачыла яна, спроба ачарніць Кацярыну.

Настаўнікі Кацярыну хваляць

Сяброўкі паведамілі таксама, што Кацярына – адкрытая і жыццярадасная. Яна вельмі любіць размаўляць з людзьмі – адсюль выбар журналістыкі ў якасці будучай прафесіі. Каця паводзілася заўсёды ўраўнаважана, адзначаюць аднакласніцы, і тое, што яна выдаліла сваю старонку з сацыяльнай сеткі, да яе не падобна.

Хваляць Кацярыну таксама настаўнікі Івянецкай сярэдняй школы, сцвярджаючы, што такіх здольных вучняў не было за ўсю гісторыю школы. З усіх 800 вучняў менавіта яна праславіла Валожынскі раён на прадметных алімпіядах, пра яе шмат разоў пісала не толькі мясцовая раёнка, але і іншыя газеты.

Гісторыя затрыманняў

Раней за публікацыю здымкаў мядзведзяў затрымалі 20-гадовага фатографа Антона Сурапіна. Яго вінавацяць у дапамозе ў незаконным пералёце мяжы. У тым жа падазраюць Сяргея Башарымава, які толькі збіраўся здаць шведам кватэру. Ім пагражае да 7 гадоў пазбаўлення волі. Сяброўку Башарымава Ірыну Лагойку суткі пратрымалі ў “амерыканцы”.

Варта адзначыць, што афіцыйны Менск адмаўляў факт парушэння замежным самалётам паветранай прасторы Беларусі. Гэтая гісторыя атрымала шырокі рэзананс і дала падставы сумнявацца ў боегатоўнасці беларускай супрацьпаветранай абароны. Цяпер камісія прэзідэнта правярае ўсе злучэнні ды вайсковыя часткі вайскова-паветраных сілаў і войскаў супрацьпаветранай абароны.

belsat.eu

Стужка навінаў