Расейцы стварылі сайт, каб падтрымаць беларусаў


На ім расейскія праваабаронцы і грамадскія актывісты прапаноўваюць абвесціць 4 жніўня Міжнародным днём салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю і праваабаронцамі Беларусі.

Дзень абраны не выпадкова – 4 жніўня споўніцца роўна год з моманту арышту ў Менску віцэ-прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі правоў чалавека, лідара праваабарончага цэнтру “Вясна” Алеся Бяляцкага.

Любіш флэш-мобы?

“Ты уваходзіш у нефармальныя аб’яднанні? У Беларусі дзейнасць незарэгістраваных арганізацыяў забароненая, за ўдзел у іх могуць даць да 2 гадоў турмы, – гаворыцца ў звароце на адмыслова створаным сайце. – Ты ўдзельнічаеш у мітынгах і пікетах? У Беларусі яны патрабуюць дазволу ўладаў, а большасць іх удзельнікаў атрымліваюць ад 5 да 15 дзён арышту. Ты любіш флэш-мобы? Пасля таго, як у 2011 г. па Беларусі пракацілася хваля “маўклівых пратэстаў”, калі людзі збіраліся разам без лозунгаў і плакатаў і проста пляскалі ў далоні, адказам уладаў сталі затрыманні ды забарона “арганізаванай масавай бяздзейнасці”.

Топ-3 праблемаў Беларусі з гледзішча расейцаў

Аўтары звароту таксама звяртаюць увагу на тое, што ў Беларусі:

– уваход у інтэрнэт-кафэ магчымы толькі з пашпартам, а ў дзяржаўных установах заблакаваны доступ да большасці сайтаў незалежных медыяў;

– дзясяткі грамадзянскіх актывістаў, журналістаў і праваабаронцаў трапілі ў спісы невыязных за крытыку ўладаў, а КДБ атрымаў права абмяжоўваць выезд усім, каго яны самі палічаць патрэбным не выпускаць з краіны;

– Беларусь – адзіная з дзяржаваў кантыненту, дзе ўжываецца пакаранне смерцю і не дзее Еўрапейская канвенцыя правоў чалавека.

Грамадзянская супольнасць у іх – адна з наймацнейшых на постсавецкай прасторы

“Пры гэтым грамадзянская супольнасць Беларусі – адна з наймацнейшых на постсавецкай прасторы, – падкрэсліваецца ў звароце. – Беларускія праваабаронцы штодня аказваюць прававую падтрымку дзясяткам людзей. Юрысты з Беларусі выйграюць справы ў Камітэце правоў чалавека ды іншых органах ААН. Рэжысёры, мастакі, пісьменнікі ды музыкі працягваюць ствараць”.

“Мы хочам прыцягнуць увагу да сітуацыі ў Беларусі ды выказаць салідарнасць з тымі людзьмі, якія змагаюцца за свабоду ва ўмовах сталага ціску і пераследу”, – тлумачаць сваё рашэнне ініцыятары Міжнароднага дня салідарнасці з грамадзянскаю супольнасцю і праваабарончым рухам Беларусі.

Яны прапаноўваюць усім зацікаўленым групам і актывістам падтрымаць гэтую ініцыятыву шляхам “правядзення ў сваіх гарадах і краінах лакальных кампаніяў і акцыяў, якія распавядаюць пра стан грамадзянскай супольнасці ў Беларусі”.

belsat.eu

Стужка навінаў