З касмадрому Байканур стартавала ракета з беларускім спадарожнікам


А 9:41 паводле беларускага часу вылецела ракета-носьбіт «Саюз-ФГ» з кластарам з пяці касмічных апаратаў. Гэта расейскія «Канопус-В» і МКА-ФКИ («Зонд-ПП»), Беларускі касмічны апарат (БКА), нямецкі TET-1 і канадскі ADS-1B.

Запуск БКА – другая спроба ўвайсці ў клуб касмічных дзяржаваў. Першая адбылася ў сярэдзіне 2000-х гг. Аднак запуск штучнага спадарожніка Зямлі «БелКА» 26 ліпеня 2006 г., за якім на Байкануры асабіста назіраў Аляксандр Лукашэнка, апынуўся няўдалым. Праз 86 секундаў пасля старту сапсаваўся рухавік ракеты-носьбіта «Днепр».

Гэтым разам для надзейнасці вываду на арбіту кластара з пяці касмічных апаратаў была абраная ракета-носьбіт «Саюз-ФГ». Апошнім часам на такіх ракетах-носьбітах выводзяцца ўсе пілатаваныя касмічныя апараты, якія павінны быць надзейныя на 200 % з-за чалавечага фактару. Змена ракеты-носьбіта – асноўны фактар, што забяспечвае больш надзейны запуск спадарожніка, кажуць эксперты. {movie}Запуск беларускага спадарожніка|right|5470{/movie}

Напярэдадні старту генеральны дырэктар Усерасейскага навукова-даследчага інстытуту электрамеханікі імя Іёсіф’яна Леанід Макрыдзенка паведаміў журналістам, што «Канопус-В» і БКА будуць працаваць у адзінай сістэме. Ён адзначыў, што абодва спадарожнікі зробленыя «паводле найноўшых тэхналогіяў». Вага кожнага з іх складае каля 400 кг, і сваімі характарыстыкамі яны цалкам адпавядаюць замежным аналагам.

Гаворачы пра бартавую апаратуру спадарожніка, Леанід Макрыдзенка паведаміў, што «мэтавую нагрузку для іх рабілі ў Беларусі». «Яны абсталяваныя тэлескопамі з разрозненнем 2 м у чорна-белай выяве і 10 м – у каляровай», – паведаміў ён. Збор інфармацыі са спадарожнікаў будзе ажыццяўляцца або ў рэжыме рэальнага часу, або пры праходжанні спадарожнікаў над наземнымі каманднымі пунктамі.

Паводле галоўнага канструктара беларускай касмічнай сістэмы Сяргея Залатога, у адрозненне ад першага пуску шасцігадовай даўніны, калі ў Беларусі была толькі станцыя прыёму інфармацыі, цяпер створаная поўнамаштабная структура для кіравання касмічным апаратам.

Як адзначыў Залаты, галоўныя вартасці супольнай працы Расеі ды Беларусі відавочныя: «Каб зняць усю тэрыторыю Беларусі з дапамогай аднаго апарата, трэба 80 дзён. Два спадарожнікі зробяць гэта за 40 дзён».

Спадарожнікі забяспечаць інфармацыяй усе зацікаўленыя ведамствы, яна будзе выкарыстаная і «для развязання задачаў, звязаных з бяспекаю» Беларусі, падкрэсліў галоўны канструктар.

belsat.eu

Стужка навінаў