Новая «беларуская» мова гомельскіх сілавікоў: дапамог «Google Translate»


Актывіст з Гомля атрымаў афіцыйны адказ ад пракуратуры, складзены з дапамогаю «Google Translate» ці іншай праграмы машыннага перакладу.

14 ліпеня Кастусь Жукоўскі звярнуўся са скаргаю ў пракуратуру на дзеянні працаўнікоў Следчага камітэту, якія няправільна аформілі позву для актывіста. З атрыманага адказу цяжка зразумець, хто ў выніку разглядаў скаргу – пракуратура ці Следчы камітэт, бо складзеная яна незразумелаю моваю, падобнаю да беларускай, а дакумент на афіцыйным бланку пракуратуры падпісаў «начальнік аддзела па наглядзе за расследаваннем крымінальных спраў кіраваннем (!) Следчага камітэта Рэспублікі Беларусь па Гомельскай вобласці Д. П. Гудзенка».

Відавочна, што працаўнік, які складаў адказ, не ведае беларускай мовы, таму скарыстаўся з «Google Translate» ці падобнага сэрвісу, каб перакласці адказ з расейскай мовы на беларускую. У выніку тое, што мела гучаць як «накіроўваю для разгляду па сутнасці», у тэксце адказу падаецца як «накіроўваю для разгляду па істоце» – менавіта так он-лайн-перакладнік транслюе выраз «по существу». Ёсць яшчэ некалькі «перлінаў»: «апавяшчаю Жукоўскага аб напрамку звароту для дазволу пракурору», а само Упраўленне Следчага камітэту названае «кіраваннем Следчага камітэта».

«Нашую беларускую мову праз русіфікацыю штучна вывелі з ужытку. Чыноўнікі, што не ведаюць роднае мовы, чужыя для народу, таму няма закону і парадку. У чыноўнікаў няма павагі да мовы народу і адпаведна да носьбітаў гэтай мовы», – заявіў Кастусь Жукоўскі, каментуючы атрыманы адказ ад сілавікоў.

belsat.eu

Стужка навінаў