Андрэя Бандарэнку паставілі на прафілактычны ўлік у КДБ


На гэтай падставе праваабаронцу абмежаваны выезд з Беларусі. Да новаўвядзення, якое дазваляе КДБ не выпускаць няўгодных за мяжу, улады шырока выкарыстоўвалі “камп’ютарныя збоі”: калі ў спісах тых, хто ўхіляецца ад службы ў войску, з’яўляліся прозвішчы апазіцыянераў, журналістаў і праваабаронцаў.



Сёння Бандарэнка быў дастаўлены ў КДБ, дзе яму паказалі дакумент пра пастаноўку на прафілактычны ўлік. Яму прапанавалі распісацца, але праваабаронца адмовіўся, бо КДБ адмовіўся выдаць яму копію пастановы.

“А што мне заставалася рабіць? Мне нічога не далі – ніякіх папераў, ніякіх пацвярджэнняў, што я на ўліку. Калі б што-небудзь далі, я б абскардзіў пастаноўку на ўлік у судзе, але паколькі дакументаў няма, то і абскардзіць можна толькі мілую гутарку з працаўніком КДБ Аляксандрам Брэевем”, – сказаў праваабаронца.

Кіраўнік “Платформы” заявіў, што накіруе ў КДБ запыт на выдаванне дакументальнага пацвярджэння пра пастаноўку на ўлік у органах камітэту.

Указ № 295, паводле якога грамадзянам, што стаяць на прафілактычным уліку ў органах дзяржбяспекі, будзе абмежаваны выезд за мяжу, Аляксандр Лукашэнка падпісаў 4 ліпеня.

belsat.eu

Стужка навінаў